Жыхары ўсіх абласных цэнтраў і Мінска змогуць азнаёміцца з асноўнымі напрамкамі работы БТЧК у час Адзінага дня Чырвонага Крыжа 17 мая, паведамілі ў арганізацыі.
Кожны май Міжнародны рух Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца святкуе свой дзень нараджэння. У Беларусі таксама падрыхтаваны пералік мерапрыемстваў з 8 па 31 мая. Іх мэта - азнаёміць жыхароў з работай БТЧК па розных напрамках: развіццё валанцёрскага руху, падрыхтоўка і рэагаванне на надзвычайныя сітуацыі, навучанне першай дапамозе, распаўсюджванне ведаў аб міжнародным гуманітарным праве, аказанне медыка-сацыяльнай дапамогі дома і інш.
А 17 мая цэнтральнай падзеяй месяца стане Адзіны дзень Чырвонага Крыжа, калі ва ўсіх абласных і некаторых раённых цэнтрах краіны гасцей чакаюць карысныя гульні, квэсты, музычныя і фотапляцоўкі, майстар-класы, лекцыі, кансультацыі.
У Брэсце, напрыклад, на набярэжнай Ф.Скарыны разгорнуцца інфармацыйныя і інтэрактыўныя пляцоўкі, дзе можна давецца, як стаць валанцёрам, паўдзельнічаць у майстар-класах па аказанні першай дапамогі, змераць артэрыяльны ціск, індэкс масы цела, азнаёміцца з міні-праектамі клоўнатэрапіі і легатэрапіі, паглядзець фотаработы і выстаўку дзіцячых малюнкаў і г.д.
У Гродне на пляцоўцы Моладзевага цэнтра па вул. Савецкай валанцёры атрада хуткага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі раскажуць пра сваю работу, прадэманструюць асноўнае абсталяванне. Таксама можна будзе разам з дзецьмі згуляць у тэматычную гульню аб правілах бяспечных паводзін. Валанцёры і работнікі Чырвонага Крыжа дадуць і шмат іншай карыснай інфармацыі: як знайсці сваякоў, якія зніклі ў выніку надзвычайных сітуацый або ваенных канфліктаў; як распазнаць ахвяру гандлю людзьмі і дапамагчы ёй; як засцерагчы сябе і асяроддзе ад заражэння ВІЧ/СНІД. Настрой зададуць музыканты духавога аркестра, а таксама сабакі-лекары, якія будуць задзейнічаны ў праграмах каністэрапіі. Завершыцца свята флэшмобам.
У Гомелі месцам збору стане летняя эстрада ў парку атракцыёнаў палацава-паркавага ансамбля. Праграма ўключае работу пляцоўкі здаровага ладу жыцця, культурна-забаўляльнай зоны з віктарынамі і конкурсамі, інфапалаткі і фотазоны, дэманстрацыю тэхнікі (усюдыхода Pinzgauer 712М), майстар-клас па аквагрыме, шоу валанцёраў-клоўнаў Чырвонага Крыжа.
Плошча Перамогі ў Віцебску аб`яднае наступныя інфазоны і актыўнасці: майстар-класы па аказанні першай дапамогі і клоўнатэрапіі, здаровы лад жыцця і прафілактыка ВІЧ, пляцоўку па гісторыі Чырвонага Крыжа, міжнародным гуманітарным праве, выстаўку абсталявання атрада хуткага рэагавання, пляцоўку па фандрэйзінгу (інфармацыя аб прыцягненні рэсурсаў Чырвонага Крыжа), канцэрт.
Падобныя актыўнасці разгорнуцца і ў Магілёве каля гімназіі нумар 3 (вул. Ленінская, 43). Акрамя таго, валанцёры ініцыятыўнай групы "Імпульс дабра" правядуць майстар-клас па скандынаўскай ходзьбе, будзе арганізавана выстаўка сувеніраў і літаратурная гасцёўня, дзе паэтасы з Магілёўскай абласной арганізацыі БТЧК прадставяць свае творы.
У Мінскай вобласці Адзіны дзень Чырвонага Крыжа праходзіць на працягу ўсяго мая. У прыватнасці, 15 мая ён адбудзецца ў Мядзеле і Чэрвені, 16-га - у Капылі, Уздзе, Вілейцы, Беразіне, Жодзіне. 17 мая мерапрыемствы плануюцца ў Барысаве, Крупках, Заслаўі, Салігорску і Маладзечне, 24 мая - у Валожыне і Слуцку.
У Мінску мерапрыемства пройдзе ў фармаце дабрачыннага свята для дзяцей са шматдзетных, няпоўных сем`яў, сем`яў, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю, а таксама для дзяцей з сацыяльна-педагагічных цэнтраў. На свята запрошаны больш за 200 чалавек. Для іх у батутным цэнтры Hero Park будуць прадстаўлены пляцоўкі па лега- і клоўнатэрапіі. Дзеці змогуць навучыцца аказваць першую дапамогу з удзелам лялек Чырвонага Крыжа Генры і Алесі, згуляюць у настольную гульню "Правілы бяспечных паводзін дома". Знадворку каля батутнага цэнтра таксама будзе працаваць забаўляльная пляцоўка для ўсіх жадаючых.
14 мая 2019, Мінск
БЕЛТА
14 мая 2019, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/239/48003
Текущая дата: 15.11.2024