Белорусский портал в Казахстане

Ліквідацыя наступстваў ЧАЭС - каласальная работа, якая праводзіцца ў нашай дзяржаве



Аб гэтым заявіў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў.

Сёння, у Міжнародны дзень памяці аб чарнобыльскай катастрофе ён прыняў удзел у цырымоніі ўскладання кошыкаў з кветкамі да памятных знакаў "Ахвярам Чарнобыля" і "Камень міру Хірасімы" ў парку Дружбы народаў у Мінску.

"Мы памятаем і шануем. Мы кожны раз у гэту сумную дату ўспамінаем аб тых стратах, якія наша краіна панесла, аб наступствах, якія да гэтага часу на сабе зведвае ад аварыі, што здарылася не на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь - у той час Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Але як вы ведаеце, найбольшы ўрон і найбольшую шкоду панесла менавіта наша краіна. Бо каля 20 працэнтаў пасяўных плошчаў, каля чвэрці лясных угоддзяў, практычна 2 млн. чалавек з 3,5 тыс. населеных пунктаў пацярпелі ў большай ці меншай ступені ад той нябачнай страшнай пагрозы, якую несла з сабой радыяцыя, - адзначыў Уладзімір Пярцоў. - І наша краіна даволі паспяхова пераадольвае гэтыя наступствы і цяпер, выдзяляючы на гэта 3 працэнты бюджэту дзяржавы".

Гэта сур`ёзная лічба, падкрэсліў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. "На ліквідацыю ж наступстваў усяго комплексу Чарнобыльскай аварыі патрачана ўжо, паводле даволі сціплых падлікаў, больш за $19 млрд. І тут у комплексе, напэўна, варта разглядаць і рэабілітацыю зямель - зямель паўднёвых, урадлівых, Гомельскай, Брэсцкай і Магілёўскай абласцей, і сацыяльную дапамогу людзям, якія пацярпелі ад гэтай аварыі, медыцынскую рэабілітацыю, лячэнне, аздараўленне і выплаты, дапамогу людзям, якія цяпер жывуць на гэтых тэрыторыях", - сказаў ён.

"Гэта не проста памяць аб той даце. Гэта рэальна каласальная работа, якая праводзіцца ў нашай дзяржаве, якой удзяляе ўвагу кіраўнік дзяржавы, - дапоўніў Уладзімір Пярцоў. - Я падыходзіў да пачатку цырымоніі да ветэранаў Чарнобыльскай трагедыі. Яны дзякуюць у кожным сваім слове Прэзідэнту за тую ўвагу і за тую дапамогу, якую ён аказвае непасрэдна ўдзельнікам ліквідацыі Чарнобыльскай аварыі. Хоць іх з кожным годам становіцца ўсё менш. Гэта сур`ёзная бяда, хоць і нябачная, забірала і забірае жыцці сапраўды гераічных людзей".

26 красавіка 2024, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/24/73844
Текущая дата: 15.11.2024