Белорусский портал в Казахстане

ХХIV свята мастацтваў «Музы Нясвіжа – 2019» прадоўжыцца да 25 мая



З 23 па 25 мая ў Нясвіжы праходзіць ХХIV свята мастацтваў «Музы Нясвіжа – 2019», арганізатарам якога з’яўляюцца Міністэрства культуры, Мінскі абласны выканаўчы камітэт, Нясвіжскі раённы выканаўчы камітэт і Заслужаны калектыў «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі».

На працягу 24-х гадоў мастацкія фэсты ў Нясвіжы застаюцца адной з самых адметных падзей у культурным жыцці Беларусі. Штогод гэтыя інавацыйныя праекты яднаюць айчынную музыку розных эпох і жанраў, мастацкія выставы і тэатральныя паказы. З моманту свайго заснавання і да сённяшняга дня яны сталі сімвалам узнаўлення і адраджэння гісторыі айчыннага мастацтва, перш за ўсё – музычнага.

Асноўныя мерапрыемствы сёлетняга свята прысвечаны 200-годдзю знакамітага кампазітара Станіслава Манюшкі. Таму своеасаблівым музычным прынашэннем юбіляру ад усіх аматараў і знаўцаў яго творчасці стане вялікі канцэрт акадэмічнай музыкі «Нясвіж – крыніца натхнення Станіслава Манюшкі і яго аднадумцаў».

Падрыхтаваны ён творчымі калектывамі Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга. У межах мерапрыемства адбудзецца творчая сустрэча маэстра Фінберга і канцэрт «Год юбілею Станіслава Манюшкі».

Творчыя калектывы Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі прадставяць свае новыя праграмы, у якіх прагучаць лепшыя ўзоры беларускай музыкі з ХІІ па ХХІ стагоддзе. Канцэрт «Рэлігійныя творы айчынных майстроў» адбудзецца ў Нясвіжскім Касцёле Божага Цела, канцэрт «Музыка беларускіх палацаў» – у Тэатральнай зале Палацавага ансамбля  Нясвіжа.

У раённым цэнтры культуры адкрыецца мастацкая выстава работ з фонду Міжнароднага конкурсу-пленэру юных мастакоў імя Міхаіла Сеўрука «Краявіды Нясвіжа вачыма дзяцей».

Па традыцыі, упершы дзень нясвіжскай імпрэзы Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь тэатра імя Уршулі Радзівіл Цэнтра культуры пакажа камедыю па п’есе Жана Батыста Мальера «Ён мужык, а яна паненка» (рэжысёр Яўген Валабоеў).

Завяршыцца музычная акцыя гала-канцэртам «Новае ў Нясвіжы» ў выкананні Заслужанага калектыву «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі» .

Таццяна Лазоўская
Звязда, 23 траўня 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/243/48146
Текущая дата: 26.12.2024