Белорусский портал в Казахстане

Выстава "Дванаццаць месяцаў" адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі



Выстава "Дванаццаць месяцаў" адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі прэзентацыяй календара на 2019 год выдавецтва "Аверсэв" з работамі беларускіх мастакоў з фондаў музея.

"Ідэя стварэння календара ўзнікла ў галоўнага рэдактара выдавецтва "Аверсэв" Аляксандра Таранды, якую потым падтрымаў і генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў. Мы вырашылі такім чынам мастацтва звязаць з адукацыяй, бо выдавецтва займаецца вучэбнай літаратурай. Дарэчы, 2019 год - юбілейны як для музея, якому споўніцца 80 гадоў, так і для "Аверсэва", які адсвяткуе 25-годдзе. Каляндар - гэта навагодні юбілейны падарунак музею", - адзначыў кансультант мастацка-графічнага афармлення друкаванай прадукцыі выдавецтва "Аверсэв" Зміцер Герасімовіч.

Каляндар праілюстраваны маляўнічымі работамі вядомых беларускіх мастакоў. "А арыгінальныя карціны можна ўбачыць на выставе "Дванаццаць месяцаў"... І выстава, і каляндар атрымаліся вельмі суцэльнымі, даволі незвычайнымі і цікавымі", - расказала малодшы навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела музея Ірына Казлова.

Выстава будзе працаваць па 21 студзеня 2019 года.

21 снежня 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/245/46142
Текущая дата: 03.07.2024