Белорусский портал в Казахстане

Балет Адольфа Адана "Жызэль" вяртаецца на сцэну Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра



Прэм`ера спектакля адбудзецца 27 чэрвеня, паведаміла начальніца службы маркетынгу БДАМТ Вольга Гудожнікава.

Легендарны балет "Жызэль" вяртаецца на сцэну Беларускага музычнага тэатра

"Балет быў у рэпертуары нашага тэатра ў 80-я гады. Цяпер вырашылі зноў яго паставіць у новых дэкарацыях і касцюмах. Харэаграфія будзе класічная, яе ставіць балетмайстар-пастаноўшчык народная артыстка Беларусі Кацярына Фадзеева, - расказала Вольга Гудожнікава. - Над спектаклем таксама працуюць дырыжор-пастаноўшчык Мікалай Макарэвіч, мастак-пастаноўшчык Ілья Падкапаеў і трупа класічнага балета тэатра".

"Жызэль" упершыню ўбачыла свет 28 чэрвеня 1841 года. Прэм`ера балета мела ашаламляльны поспех і захопленыя водгукі крытыкаў. Тэатр Ле-Пелецье ў Парыжы на працягу цэлага месяца даваў толькі "Жызэль". Цікава, што музыка балета, якая прынесла свайму аўтару сусветнае прызнанне, была напісана Адольфам Аданам усяго за дзесяць дзён. У пачатку XX стагоддзя заходняе балетнае мастацтва практычна прыйшло ў заняпад, і некалі славуты балет захаваўся толькі дзякуючы рускай сцэне. Менавіта версія Марыуса Пеціпа, якую паспяхова выканалі ў 1910 годзе ў час "Рускіх сезонаў за мяжой", змагла зноў абудзіць цікавасць да "Жызэлі" на яе радзіме.

Сярод арыгінальных пастановак гэтага спектакля вылучаецца работа шведскага харэографа Матса Эка 1982 года. У яго версіі першы акт практычна не адыходзіць ад першапачатковай версіі, вось толькі галоўная гераіня не памірае, а пачынае буяніць, і жыхары яе спрабуюць супакоіць. Жызэль трапляе ў псіхіятрычную лячэбніцу і ў выніку ратуе свайго каханага зусім не ад віліс, а ад раз`юшаных пацыентаў.

"А вось якую версію балета "Жызэль" прапануе наш тэатр, гледачы даведаюцца на яго прэм`еры", - сказала Вольга Гудожнікава.

26 красавіка 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/246/47794
Текущая дата: 25.12.2024