Белорусский портал в Казахстане

У Мінску адбыўся мітынг-канцэрт з нагоды 101-й гадавіны абвяшчэння БНР



Акцыя прайшла 24 сакавіка з 13 да 19 гадзін у сталічным Кіеўскім скверы і была санкцыянаваная Мінгарвыканкамам.

Ад паўтары да дзвюх тысяч чалавек узялі ўдзел у мітынгу-канцэрце з нагоды 101-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (Дзень Волі). 

Удзельнікаў свята прапускалі праз КПП, дзе адбываўся пільны дагляд. Тэрыторыя, адведзеная пад правядзенне свята, была абгароджаная. За уваходам у сквер размясціўся міні-рынак, дзе прадаваліся тавары рамеснікаў, кнігі, розная прадукцыя з нацыянальнай сімволікай. Працаваў фудкорт.

Як і ў мінулым годзе, супрацоўнікі міліцыі ў цывільным каля КПП не дазвалялі ўдзельнікам акцыі выходзіць за абгароджаны перыметр з бел-чырвона-белымі сцягамі на плячах ці ў руках, папярэджваючы, што тыя могуць быць затрыманыя.

Арганізатары збіралі подпісы ў падтрымку выхаду краіны з Саюзнай дзяржавы і Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, а таксама пад зваротамі да ўлад прыняць закон аб першых дзяржаўных сімвалах, які б дазваляў "свабоднае іх выкарыстанне па ўсёй краіне", і ў падтрымку пашырэння выкарыстання беларускай мовы і ўсталявання "рэальнага раўнапраўя дзяржаўных моў".

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі абвясціў пра пачатак кампаніі "Наш сцяг, наша мова, наша незалежнасць".

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая заявіла, што ніжняя палата парламента магла б прапанаваць правесці рэферэндум аб адмене дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. "Палата прадстаўнікоў можа быць тым дзяржаўным органам, які можа прапанаваць рэферэндум аб адмене дагавора. Беларусь — незалежная дзяржава, і яна павінна мець нармальныя адносіны як на Усходзе, так і на Захадзе", — сказала Канапацкая.

Пасля рэзкага выступлення быў затрыманы апазіцыйны актывіст Зміцер Дашкевіч. Са сцэны ён заклікаў удзельнікаў мітынгу павіншаваць з Днём Волі "шунявак, ціхароў, іхтамнетаў, хлуслівую прапаганду і самазванца".

Затрымліваўся таксама Віталь Рымашэўскі, але яго адпусцілі праз 15 хвілін, папрасіўшы не здымаць праваахоўнікаў у цывільным. Пасля затрымання яго некалькі разоў правезлі ў міліцэйскім мікрааўтобусе вакол Кіеўскага сквера.

Прысутныя прынялі рэзалюцыю, у якой запатрабавалі "свабоды і павагі для кожнага беларуса, незалежнасці для Беларусі", "рэформы судовай сістэмы ў імя абароны грамадзян ад карупцыі і беззаконня, правядзення свабодных выбараў, рэальнага дзяржаўнага статусу беларускай мове, забеспячэння права працоўных на годныя заробкі, а пенсіянераў — на годнае жыццё", "гарантый абароны маёмасці грамадзян і прыватнага бізнесу".

На канцэрце выступілі гурты "Дай дарогу!", "Р.С.П.", N.R.M., "Няхай", КаS, "Водар" і інш.

Старшыня руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч паведаміў, што сталічная міліцыя мае намер павысіць для арганізатараў кошт сваіх паслуг па ахове грамадскага парадку. Паводле слоў палітыка, пра гэта яму заявіў прадстаўнік кіраўніцтва ГУУС Мінгарвыканкама, які аргументаваў гэта тым, што колькасць удзельнікаў акцыі, па падліках міліцыі, перавысіла заяўленую 1 тыс. чалавек.

Гадавіну абвяшчэння БНР адзначылі і ў іншых гарадах — Віцебску, Гомелі, Магілёве. Напярэдадні некалькі тысяч чалавек адзначылі Дзень Волі ў Гродне.

БелаПАН
Мінск, 24 сакавіка 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/247/47361
Текущая дата: 15.11.2024