Пераможцаў конкурсу на лепшы літаратурны пераклад з рускай на беларускую мову раней невядомага верша Максіма Багдановіча "Двувершы" ўшаноўвалі 2-га красавіка ў Нацыянальным прэс-цэнтры Беларусі.
Першае месца заняла Мая Галіцкая з Буда-Кашалёва Гомельскай вобласці. Яна расказала, што паэзію Максіма Багдановіча любіць са студэнцкай лаўкі. Калі даведалася пра конкурс перакладаў, адразу вырашыла ўдзельнічаць. Пераклад свой напісала за адзін дзень і не чакала, што стане пераможцай.
"Літаратурныя перакладчыцкія конкурсы заўсёды значныя. Бо, па-першае, яны паказваюць сінтэз моў, а, па-другое, такія конкурсы даюць магчымасць дакрануцца да нашай гісторыі і каранёў, культуры", - адзначыла Мая Галіцкая.
Другое месца прысуджана мінчаніну Віктару Лоўгачу, які адным з першых прыслаў пераклад "Двувершаў" на конкурс. "Я прадставіў цяжкае жыццё нашага класіка і літаральна за сем хвілін напісаў свой варыянт перакладу. Вельмі прыемна, што яго адзначыла журы конкурсу, спадзяюся, чытачам ён таксама спадабаецца", - сказаў ён.
Бронза на конкурсе перакладаў дасталася Аксане Гаўрылік з аграгарадка Ілья Вілейскага раёна Мінскай вобласці. Заахвочвальны прыз - у Надзеі Лазерка з Барысава.
Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы ўзнагародзіў усіх пераможцаў камплектамі кніг, якія стануць добрым дапаўненнем дамашняй бібліятэкі.
Як паведамлялася раней, невядомы верш Максіма Багдановіча ў лістападзе мінулага года ўбачыла намеснік дырэктара Інстытута сусветнай літаратуры імя Горкага Расійскай акадэміі навук Дар`я Маскоўская. Яна знайшла ў архівах студэнцкі сшытак класіка, датаваны ім самім 1913-1914 гадамі. Гэты сшытак беларускія даследчыкі шукалі амаль 100 гадоў, ён згадваўся ў перапісцы з Максімам Горкім. Знамянальна, што ўвесь гэты час ён знаходзіўся ў архіве і проста трапіў не ў тую папку. Невядомы верш класіка "Двувершы" напісаны на рускай мове. Прычым Максім Багдановіч указаў, што гэта - пераклад з беларускай мовы. Аднак беларускамоўны арыгінал твора нідзе і ніколі не публікаваўся. Урэшце, як і яго рускамоўны варыянт.
Усведамляючы асаблівую значнасць знаходкі, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота прапанаваў арганізаваць конкурс на лепшы пераклад на беларускую мову знойдзенага верша. Беларускае тэлеграфнае агенцтва падтрымала гэту ініцыятыву і правяло літаратурнае спаборніцтва з мэтай садзейнічаць умацаванню культурных сувязей, міжнацыянальнага міру і згоды, садзейнічаць развіццю і падтрымцы нацыянальнай літаратуры Беларусі, папулярызаваць беларускую мову і прыцягнуць увагу да творчасці Максіма Багдановіча, а таксама падтрымаць таленавітых перакладчыкаў і літаратараў.
Арганізатарамі праекта выступілі Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, Беларускае тэлеграфнае агенцтва, Інстытут сусветнай літаратуры імя Горкага Расійскай акадэміі навук, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (філіял "Літаратурны музей Максіма Багдановіча"), грамадскае аб`яднанне "Саюз пісьменнікаў Беларусі".
2 красавіка 2019, Мінск
БЕЛТА
2 красавіка 2019, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/247/47414
Текущая дата: 15.11.2024