Белорусский портал в Казахстане

Падзеі ваенных гадоў, якія развіваліся ў раёне "Лініі Сталіна", вучаць заўсёды быць гатовымі да адбіцця агрэсіі



Аб гэтым заявіў 20 красавіка журналістам Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, удзельнічаючы ў рэспубліканскім суботніку на тэрыторыі гісторыка-культурнага комплексу "Лінія Сталіна".

"Гэта ўрок, гэта тая невядомая гісторыя нашай краіны, якую мы павінны ведаць. І гэты ўрок падштурхоўвае нас да таго, каб порах трымаць сухім і каб мы заўсёды былі гатовыя з любога боку адбіць агрэсію супраць нас", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, калі ствараўся гісторыка-культурны комплекс, было шмат праціўнікаў гэтага, якія абвінавачвалі ўладу ва ўвекавечванні памяці аб Сталіне.

"Ды я не імя Сталіна адраджаў, хоць і ён гэтага заслугоўвае. Я адраджаў гэты аб`ект, які сведчыць аб той частцы гісторыі, якая была ў нас, і якую, на жаль, на той час няправільна разумелі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Нават, паводле яго слоў, былі спробы з боку некаторых чыноўнікаў спыніць будаўніцтва комплексу: "Хапала людзей, якія працавалі ў дзяржаўных органах і спрабавалі некага нахіліць, процістаяць, каб гэта не было створана".

Комплекс "Лінія Сталіна" ствараўся на аснове фартыфікацыйных збудаванняў Мінскага ўмацраёна, якія ў гады вайны былі размешчаны на працягу 2 тыс. км. Праўда, уздоўж гэтай лініі заставаліся і неабароненыя раёны.

"Калі б ён спрацаваў тут, як уяўлялася, немцам было б вельмі цяжка. Я лічу, што фашысты яго наўрад ці пераадолелі б, - адзначыў Прэзідэнт. - З-за галавацяпства - і гэта наш урок - мы страцілі Беларусь на працягу месяца-паўтара. Нічога не засталося ад Беларусі. Дзе змагаліся па-сапраўднаму - на 20-25 дзён затрымлівалі фашыстаў".

Цяпер, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, у Беларусі рэгулярна ўдасканальваюць армію - у залежнасці ад развіцця міжнароднай абстаноўкі, з`яўлення новых спосабаў весці канфлікты і баявыя дзеянні. Акцэнт зроблены на мабільных войсках, паколькі танкавымі калонамі і фронт на фронт ужо ваяваць не будуць, заўважыў кіраўнік дзяржавы.

"Будуць тэрарыстычныя групы, будуць закідваць у тыл, таму з`явілася тэрытарыяльная абарона, каб людзі самі абаранілі сябе і свае сем`і ў глыбіні. А ў нас мабільныя сілы: нехта прарваўся - праскочылі туды, разбамбілі, верталёты дапамаглі, знішчылі і пайшлі", - дадаў Прэзідэнт.

Вяртаючыя да значэння комплексу "Лінія Сталіна", кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэты гісторыка-культурны аб`ект запатрабаваны не толькі на постсавецкай прасторы. Сюды прыязджаюць турысты і з Заходняй Еўропы, каб паглядзець на тэхніку ваенных гадоў і сучаснае ўзбраенне.

"Мы будзем і далей расшыраць гэту пляцоўку для таго, каб выхоўваць патрыётаў, здольных абараніць не толькі сябе, сваю сям`ю і дзяцей, але і нашу краіну", - падагульніў Аляксандр Лукашэнка.

22 красавіка 2019, Мінскі раён
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/247/47729
Текущая дата: 25.12.2024