Белорусский портал в Казахстане

У Віцебску адкрываецца выстава графікі беларуска-ізраільскага мастака Іосіфа Капеляна



У арт-цэнтры Марка Шагала ў Віцебску 17 красавіка адкрываецца выстава беларуска-ізраільскага мастака Іосіфа Капеляна "Графіка. Рэтраспектыва". У прэзентацыі прыме ўдзел і сам аўтар, паведамілі ва ўстанове.

Экспазіцыю складаюць графічныя работы, створаныя ў розных тэхніках (лінагравюра, афорт, літаграфія, манатыпія, гравюра на кардоне). Работы прадстаўляюць розныя перыяды творчасці мастака, якія адлюстроўваюць разнастайнасць аўтарскай манеры і падыходаў, а таксама стылістычныя тэндэнцыі графікі, што змяняюць адна адну.

"Графічныя работы Іосіфа Капеляна з`яўляюцца адной з важнейшых частак яго творчасці. Яго цікавасць і блізкасць да графічных метадаў заснаваны на адной з асноўных патрэбнасцей чалавека: пакінуць свой след і стварыць мастацкі інструмент камунікацыі. Майстар звяртаецца да лініі як да цэнтральнага складніка мовы мастацтва кампазіцыі і мастацкай выразнасці", - адзначылі ў арт-цэнтры.

Выстава будзе працаваць да 12 мая. Яна арганізавана пры садзейнічанні пасольства Ізраіля ў Беларусі.
_____________________________________

Іосіф Капелян нарадзіўся ў Бабруйску ў 1936 годзе. Пасля Вялікай Айчыннай вайны скончыў мастацка-графічнае педагагічнае вучылішча ў Ленінградзе і Акадэмію мастацтваў у Мінску, вучыўся на знакамітым мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага педінстытута. У 1980 годзе паехаў у Ізраіль, працаваў больш за 15 гадоў у Тэль-Авіўскім універсітэце. Іосіф Капелян лаўрэат Міжнароднай прэміі імя Мікалая Рэрыха. Работы беларуска-ізраільскага мастака знаходзяцца ў музейных і прыватных калекцыях розных краін свету. У 2017 годзе Іосіф Капелян падарыў роднаму Бабруйску звыш 70 сваіх работ.

17 красавіка 2019, Віцебск
Андрэй Шчарбіцкі - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/248/47626
Текущая дата: 25.12.2024