Белорусский портал в Казахстане

Пахвальная пятніца, або як на Беларусі дзень дзяжы святкуюць



Каталікі рыхтуюцца святкаваць Вялікдзень, а ў праваслаўных завяршаецца Пахвальны тыдзень і набліжаецца да завяршэння Вялікі пост.

Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра Пахвальную пятніцу і дзеліцца сакрэтамі хлебапячэння.

Наперадзе вялікая колькасць перадсвяточных клопатаў і, каб не перагрузіць імі апошнія дні перад урачыстасцю, у народзе іх размяркоўвалі па тыднях. Так ў  пост перад Вялікаднем асабліва вылучаліся некалькі тыдняў: Пахвальны, Вербны, Белы і, нарэшце "Паска" або Вялікдзень.

Народны каляндар сведчыць, што Пахвальны тыдзень кароткі. Пачаўшыся ў аўторак ён і скончыцца ў суботу. Назва паходзіць ад дзеяслова "хваліцца" і ў народзе казалі, што Пахвальны тыдзень -  гэта калі ў лесе "дзіка качка знясе яйцо і ўжэ пахваліцца".

Паводле  народных прыкмет на Пахвальным тыдні не варта было пачынаць сур’ёзныя справы паколькі лічылася, што вынік іх не будзе станоўчым. Так, у Лельчыцкім раёне сцвярджалі, што "на Похвальны тыдзень хаты не начынаюць рабіці. Кажуць урэдный ён", а на Мазыршчыне забаранялі бяліць хату і снаваць кросна. Казалі: "Пахвалісса зрабіць – не пахвалісса знасіць".  І ўсё ж на гэтым тыдні быў дзень для адной важнай работы. У  пятніцу было прынята мыць хатняе начынне і асабліва хлебныя і блінныя дзежкі.

Пахвальная пятніца – дзень чыстай дзежкі

Дзяжа, дзежка, або хлебніца – гэта пасудзіна для заквашвання цеста.  У некаторых мясцовасцях ужываецца лакальная назва "квашня". Пасудзіна мела форму завужанай кверху шырокай бочачкі з накрыўкай аб’ёмам 20-30 літраў. Гэты бандарны выраб быў у кожнай хаце паколькі не было гаспадыні, якая б не ўмела пячы хлеб.

Майстэрству хлебапячэння кожная жанчына вучылася змалку. Адным з іспытаў маладой на другі дзень вяселля было выпяканне хлеба ў хаце маладога.

Рабілі дзежку звычайна з дубовых клёпак. Калі дубу было мала, то ўжывалі і хваёвыя, але абавязкова ставілі 2-3 дубовыя клёпкі. Лічылася, што дуб паскараў працэс квашэння і надаваў цесту лёгкі спецыфічны водар.

Перш чым скарыстаць новую дзежку яе "прыручалі" або "жанілі": ставілі на суткі побач са старой на адной посцілцы пад адной покрыўкай. Гэты старажытны абрад на беларускай вёсцы амаль знік у сярэдзіне XX стагоддзя. Гэта было звязана з тым, што хлеб амаль перасталі выпякаць у хатніх умовах і выраб дзежак прыпыніўся.

Апошнім часам выпяканне хатняга хлеба стала вельмі папулярным не толькі на вёсцы але і ў горадзе. Многія набылі хлебапечкі, у крамах з’явілася адмысловая мука, а народныя майстры на кірмашах прапануюць цудоўныя бандарныя вырабы для заквашвання цеста. Таму многія забытыя абрады, звязаныя з выпечкай хлеба, вяртаюцца да жыцця.

Дзяжа цесна звязана з культам хлеба, таму мела асаблівае значэнне сярод іншага хатняга начыння. У інтэр’еры сялянскай хаты ёй адводзілі пачэснае месца: ставілі на покуці пад абразамі, накрывалі ручніком - "набожнікам" або адмысловай сурвэткай - "надзежніцай".

Падчас наваселля дзяжу ўрачыста ўносілі ў новы дом з верай аб дабрабыце і дастатку у ліку першых рэчаў. Дзяжу ніколі не пазычалі, паколькі лічылі, што яна ў чужых руках можа сапсавацца і ў ёй не будзе атрымлівацца цеста.

У шматлікіх рытуалах дзяжа ўвасабляе жаночае чэрава, адпаведна рост плоду, дзіцяці атаясамліваецца з падыходам, падыманнем цеста. Таму дзяжу сталі асэнсоўваць з жанчынай наогул і цяжарнай у прыватнасці, выкарыстоўваючы ў абрадах накіраваных на магічнае спрыянне нараджэнню. Так паўсюдна, благаслаўляючы на шлюб, нявесту з расплеценай касой у суправаджэнні вясельных песень садзілі на дзяжу – такім быў абрад пасаду. Амаль тое ж рабілі і з парадзіхай, якую ў час цяжкіх родаў садзілі на дзяжу, каб аблегчыць пакуты жанчыны. Верылі, што калі на цеста пакласці хворае дзіця, то яно абавязкова паздаравее. У народзе лічылі, што саджанне на дзяжу падчас абраду далучае чалавека і яго род да сілы, якая здольная перадаць усім такія якасці як доля і дабрабыт. Менавіта яны атаясамліваюцца з цестам і выпечаным з яго хлебам, караваем.

На Пахвальную пятніцу існаваў свій перадвелікодны рытуал ачышчэння, пра які ў народзе казалі "дзяжа гавее" і "дзяжа да споведзі пайшла". Вядома ж, да споведзі ходзяць у чыстым, таму ў народным усведамленні і пасудзіна павінна была падрыхтавацца да выпякання найважнейшага абрадавага хлеба - велікодных булак.

Sputnik, 19 красавіка 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/248/47650
Текущая дата: 25.12.2024