Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк выказаў сваё стаўленьне да знаходкі ва ўкраінскім горадзе Чуднаў надмагільля аднаго з пачынальнікаў беларускай літаратуры Яна Баршчэўскага.
«З улікам важнасьці тэкстаў Баршчэўскага я лічу, што мы павінны стварыць на гэтым месцы нейкі абʼект мэмарыялізацыі. І праз гэта належным чынам яго ўшанаваць. Гэта можа быць памятны знак.
Як гэта будзе выглядаць канкрэтна? Гэта павінна стаць клопатам нашай амбасады ва Ўкраіне, двух нашых міністэрстваў — замежных спраў і культуры. Па сутнасьці, знайшлі магілу. Значыць, трэба гларыфікаваць яе пэўным чынам».
Дэпутат Марзалюк кажа, што некаторыя творы Яна Баршчэўскага ён памятае і да сёньня:
«Гэта якраз той выпадак, калі мы можам сьмела казаць: пад польскай моўнай апраткай хавалася наша беларуская душа. Ніхто так рамантычна і хораша, з такім замілаваньнем у той час не апеў Падзьвіньне».
У 1994 годзе на экраны выйшаў мастацкі фільм Віктара Турава «Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях» паводле твораў Яна Баршчэўскага. У ім здымаліся Вольга Клебановіч, Віктар Манаеў, Данатас Баніёніс ды іншыя вядомыя акторы.
У 1998 годзе творы Яна Баршчэўскага выйшлі ў сэрыі «Беларускі кнігазбор».
Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы Мікалай Пінігін анансаваў прэмʼеру спэктакля «Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях» на ліпень 2019 году.
Уладзімер Глод
Радыё Свабода, 18 красавіка 2019
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/248/47651
Текущая дата: 25.12.2024