Беларускія дзіцячыя кардыяхірургі нядаўна правялі ўнікальную аперацыю на сэрцы дзіцяці, якое важыла ўсяго 1 кілаграм 135 грамаў.
Дагэтуль у свеце аналагічных умяшанняў немаўлятам з такой вагой не рабілі. Дзіця з`явілася на свет раней тэрміну і мела патрэбу ў неадкладнай дапамозе. Пры нараджэнні ў яго выявілі прыроджаны парок сэрца, а дакладней стэноз клапана лёгачнай артэрыі, з-за чаго кроў з сэрца ў лёгкія паступае вельмі марудна.
Аперацыя прайшла паспяхова, але патрабавала сур`ёзнай падрыхтоўчай работы і літаральна ювелірнага майстэрства не толькі кардыяхірургаў, але і неанатолагаў, анестэзіёлагаў і іншых спецыялістаў.
Мы пабывалі ў РНПЦ дзіцячай хірургіі, дзе вопыт нашых дзіцячых кардыяхірургаў пераймаюць медыкі з іншых краін свету, і паназіралі, як аперыруюць і выходжваюць немаўлят вагой усяго кілаграм.
Аперацыя прайшла паспяхова, але патрабавала сур`ёзнай падрыхтоўчай работы і літаральна ювелірнага майстэрства не толькі кардыяхірургаў, але і неанатолагаў, анестэзіёлагаў і іншых спецыялістаў.
Мы пабывалі ў РНПЦ дзіцячай хірургіі, дзе вопыт нашых дзіцячых кардыяхірургаў пераймаюць медыкі з іншых краін свету, і паназіралі, як аперыруюць і выходжваюць немаўлят вагой усяго кілаграм.
Штогод у нашай краіне дзецям робяць каля 21 тысячы хірургічных аперацый. У РНПЦ дзіцячай хірургіі іх выконваюць каля пяці тысяч. Як правіла, яны самыя складаныя і высокатэхналагічныя.
— Адзін з трэндаў развіцця дзіцячай хірургіі — мінімальнае ўмяшанне для дасягнення мэты, — расказвае дырэктар РНПЦ дзіцячай хірургіі, галоўны пазаштатны дзіцячы кардыяхірург Міністэрства аховы здароўя, кандыдат медыцынскіх навук Канстанцін Драздоўскі. — Колькасць мініінвазіўных аперацый пастаянна расце. Самыя актуальныя ўмяшанні — пры апендыцыце. Калі ёсць паказанні для выдалення, перад урачом заўсёды стаіць выбар: выконваць адкрытую аперацыю ці лапараскапічную, калі робіцца ўсяго два невялікія надрэзы ў брушной поласці і мінімальная рызыка для развіцця спайкавых працэсаў.
Лапараскапічная аперацыя — больш выгадная і для ўрача, і для пацыента.
Лапараскапічная аперацыя — больш выгадная і для ўрача, і для пацыента.
І такія ўмяшанні пры апендыцыце, паводле даных дырэктара цэнтра, у краіне робяцца ў 50—95 % выпадкаў у залежнасці ад клінікі. У Гомельскай вобласці — самы высокі паказчык — 95 %.
— Вынік у Гомелі тлумачыцца тым, што там дастаткова хірургаў, якія валодаюць гэтым метадам. Увогуле ж у свеце няма клінік, дзе усе аперацыі — лапараскапічныя. Звычайна іх 70—80 %, — тлумачыць Канстанцін Драздоўскі.
Аперацыя патрэбна з першых сутак...
Адным з важных паказчыкаў узроўню дзіцячай хірургіі лічыцца паспяховасць лячэння неданошаных дзяцей. Напрыклад, такога захворвання, як некратычны энтэракаліт.
— Такая сітуацыя ўзнікае, калі ў дзіцяці маленькая вага цела, неразвіты кішэчнік, у ім з`яўляюцца язвы, з-за чаго набліжаецца катастрофа: калі змесціва кішэчніка трапіць у брушную поласць, гэта яўная пагроза жыццю, — расказвае дырэктар цэнтра.
Трэба адзначыць, што важаць немаўляты, якім даводзіцца рабіць аперацыі на кішэчніку, усяго 1-1,5 кг, і ад хірурга патрабуецца філіграннае майстэрства. Толькі ўявіце: дыяметр кішэчніка ў такога пацыента — усяго 4 міліметры! Падчас аперацый выкарыстоўваецца спецыяльны інструмент, ніткі, і, натуральна, хірургічнае павелічэнне.
Адзін з такіх пацыентаў, Ванечка, зараз знаходзіцца ў рэанімацыі. Ён з`явіўся на свет у 2-м раддоме ўсяго месяц таму і важыў 900 грамаў. Ваня адзін з тройні, але са здароўем яму пашанцавала менш за братоў. Амаль адразу пасля нараджэння ён быў дастаўлены ў РНПЦ дзіцячай хірургіі, дзе яму зрабілі першую аперацыю.
— Мы выдалілі пашкоджаную частку кішэчніка, вывелі стому. Цяпер хлопчык знаходзіцца ў рэанімацыйным аддзяленні, пакуль харчуецца праз зонд, набіраецца сіл і чакае другой, рэканструкцыйнай аперацыі, задача якой — злучыць прасветы кішэчніка і аднавіць яго цэласнасць, — тлумачыць загадчык аддзялення дзіцячай хірургіі Андрэй Запалянскі.
Адметна, што яшчэ два дзесяцігоддзі таму смяротнасць у групе такіх неданошаных дзяцей складала 80—90 %, у 2009 годзе — 60 %. А за апошнія чатыры гады яе ўдалося знізіць да 10 %. Часта, паводле назірання медыкаў, цяжарнасць менавіта пасля экстракарпаральнага апладнення (ЭКА) заканчваецца нараджэннем дзіцяці з малой масай цела. А ўлічваючы, што такія тэхналогіі становяцца ўсё больш даступнымі, актуальнасць хірургічнай дапамогі немаўлятам толькі ўзрастае.
Яшчэ адна катэгорыя маленькіх пацыентаў РНПЦ дзіцячай хірургіі — тыя, хто праглынуў батарэйкі, манеты і іншыя прадметы.
— Манеты былі ўведзеныя ў 2016 годзе, і дзеці пачалі іх каштаваць. Для нас гэта быў своеасаблівы выклік, — працягвае Канстанцін Драздоўскі. — Але самыя небяспечныя з іншародных целаў — батарэйкі, якія выклікаюць апёкі стрававода, і ў выніку патрабуецца некалькі аперацый. З 2017 года колькасць такіх умяшанняў пачала крыху змяншацца, спадзяёмся, гэта вынік нашай інфармацыйнай кампаніі.
У цэнтры, дарэчы, маецца ўсё сучаснае эндаскапічнае абсталяванне, якое дазваляе абследаваць стрававод, страўнік, кішэчнік дзіцяці, у тым ліку і нованароджанага. З году ў год колькасць эндаскапічных аперацый у Беларусі павялічваецца. Прыкладна палова з іх выконваецца ў РПНЦ дзіцячай хірургіі. У 2016-м тут з`явіўся новы эндаскапічны комплекс, які дазваляе выконваць бронхаскапію нават немаўлятам — галоўнае, каб іх вага была хоць бы 1,5 кг. Пакуль самы маленькі пацыент, які прайшоў гэту працэдуру, важыў 1800 грамаў. Раней аказваць дапамогу такім дзецям магчымасці не было.
Удыхнуць жыццё ў малюсенькае сэрца
РНПЦ дзіцячай хірургіі — адзіны ў нашай краіне цэнтр, дзе робяцца кардыяхірургічныя аперацыі для карэкцыі парокаў сэрца.
— У Расіі, ЗША, Германіі, Францыі такіх цэнтраў у краіне некалькі, таму яны могуць выбіраць сабе спецыялізацыі. Бо прыроджаных парокаў сэрца — больш за 250. Сярод іх ёсць рэдкія і складаныя. Напрыклад, у Германіі кожны цэнтр спецыялізуецца на пэўных відах парокаў, паспяхова аперыруе іх, усе пра гэта ведаюць, і жанчыны мэтанакіравана едуць туды нараджаць. У нас няма магчымасці выбіраць — мы аперыруем усё. Атрымліваецца, што ў год мы робім 1040—1200 аперацый па карэкцыі парокаў сэрца, — кажа Канстанцін Драздоўскі. — Пры гэтым лятальнасць у нас на дастаткова нізкім узроўні, лічбы адпавядаюць сусветным.
Яшчэ некалькі гадоў таму каля 80 % дзяцей з парокамі сэрца нараджаліся ў рэгіёнах. Каб даставіць іх у сталіцу, патрабавалася 3-4 гадзіны.
— Для ўрачоў, якія везлі дзіця, нагрузка была надзвычайная. І, скажу шчыра, часам не паспявалі. Цяпер 80—90 % дзетак з парокамі сэрца нараджаецца ў РНПЦ «Маці і дзіця». Праз 15 хвілін яны аказваюцца ў нас, што таксама ўплывае на вынік, — упэўнены Канстанцін Драздоўскі.
Сэрца тут таксама лечаць мініінвазіўна. Калі да 2014 года большасць аперацый была адкрытымі, то цяпер пераважаюць эндаваскулярныя ўмяшанні. У артэрыі робіцца пракол, праз які пранікае катэтарная тэхніка і рухаецца далей.
— Палітыка нашага цэнтра ў тым, што калі ёсць магчымасць вылечыць дзіця без адкрытага разрэзу, без траўматычнай аперацыі, мы робім гэта. Мы выконваем да 800 эндаваскулярных умяшанняў у год. Існуе шмат прылад, якімі закрываюць пратокі, пашыраюць клапаны, ставяць стэнты, спіралі, — усё гэта ў нас ёсць, — кажа дырэктар цэнтра.
Яшчэ адна важная рэч для выратавання жыцця дзяцей — метад экстракарпаральнай мембраннай аксігенацыі (ЭКМА). Ён дазваляе насычаць кроў кіслародам пры цяжкіх формах лёгачнай недастатковасці. І выратоўваць дзяцей, якія раней паміралі, напрыклад, ад пнеўманіі.
— Дзіця захварэла на грып, ён даў ускладненне — пнеўманію. Развіваецца дыхальная недастатковасць, перастаюць дзейнічаць лёгкія. У такім выпадку мы памяшчаем дзіця на апарат экстракарпаральнай мембраннай аксігенацыі, які замяняе сабой работу сэрца і лёгкіх. Інфільтрацыйны працэс у арганізме праходзіць, і дзіця папраўляецца і працягвае жыць, — расказвае Канстанцін Драздоўскі.
Яшчэ адным вялікім поспехам кардыяхірургаў цэнтра можна лічыць лячэнне парушэнняў рытмаў сэрца. Раней такія пацыенты чакалі 17-гадовага ўзросту і вымушаны былі прымаць вялікую колькасць медыкаментаў. Толькі тады ім рабілі радыёчастотную каагуляцыю (прыпяканне праблемнага ўчастка). Цяпер аперацыі выконваюцца 5—6-гадовым дзеткам. Яны цалкам папраўляюцца, ідуць у школу, могуць займацца спортам і паўнацэнна жыць без лекаў. Такіх аперацый тут паспяхова зрабілі ўжо больш за шэсць дзясяткаў.
Пяць аперацый у Аб`яднаных Арабскіх Эміратах
Яшчэ 20—25 гадоў таму беларускія дзіцячыя кардыяхірургі вучыліся ў Расіі, Азербайджане. Цяпер РНПЦ дзіцячай хірургіі сам з`яўляецца адукацыйным цэнтрам. Складаныя аперацыі транслююць непасрэдна з аперацыйнай для ўрачоў, якія павышаюць кваліфікацыю. У нашых кардыяхірургаў вучацца калегі з Расіі, Украіны, Азербайджана, Грузіі, Узбекістана і нават Эквадора.
У пачатку гэтага года дэлегацыя беларускіх кардыяхірургаў пабывала ў Аб`яднаных Арабскіх Эміратах. У клініцы Аль-Касімі сем хірургаў і шэсць медыцынскіх сясцёр правялі пяць паспяховых аперацый дзецям з прыроджанымі парокамі сэрца. Самым маленькім пацыентам стаў сямімесячны малы. У выніку замежныя калегі папрасілі беларускіх кардыяхірургаў дапамагчы ў стварэнні на базе шпіталя цэнтра дзіцячай хірургіі.
На радзіме ў кіраўніцтва РПНЦ дзіцячай хірургіі таксама задачы амбіцыйныя. Плануецца ўдасканальваць аказанне хірургічнай дапамогі дзецям у абласных цэнтрах, арганізаваць на базе РНПЦ цэнтр ЭКМА, паступова аснасціць такімі апаратамі ўсе абласныя дзіцячыя бальніцы, стварыць дзіцячую эндаскапічную службу і шмат іншага. А таксама штодзень рабіць сапраўдныя цуды, дарыць надзею і далей працягваць выратоўваць дзіцячыя жыцці.
Аўтар: Алена Кравец
Звязда, 13 красавіка 2019
Звязда, 13 красавіка 2019
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/249/47593
Текущая дата: 25.12.2024