Як знаходзяць месцы масавага расстрэлу беларусаў.
Намеснік начальніка ўпраўлення па наглядзе за расследаваннем асабліва важных крымінальных спраў Генеральнай пракуратуры - намеснік кіраўніка следчай групы па крымінальнай справе аб генацыдзе беларускага народа Сяргей Шыкунец у YouTube-праекце БЕЛТА "Па факце: рашэнні Першага" расказаў пра асаблівасці правядзення пошукавых мерапрыемстваў.
"Адным са спосабаў атрымання доказу факта генацыду беларускага народа з`яўляецца правядзенне пошукавых палявых мерапрыемстваў, так званых раскопак. У час іх, акрамя касцявых астанкаў знішчаных мірных грамадзян, знаходзяць прадметы бытавога прызначэння, адзенне, абутак, якія сведчаць аб тым, што нямецка-фашысцкія захопнікі і іх памагатыя не шкадавалі нікога: ні дзяцей, ні старых, ні жанчын", - адзначыў Сяргей Шыкунец.
Пасля пачатку расследавання крымінальнай справы і правядзення першых пошукавых работ у наглядным ведамстве адкрылі невялікую экспазіцыю, маўклівыя экспанаты якой, а таксама архіўныя фатаграфіі і дакументы расказваюць аб тых трагічных падзеях. Сярод экспанатаў - некалькі дзясяткаў пар дзіцячага абутку, знойдзенага ў час раскопак ва ўрочышчы Іваноўшчына Лагойскага раёна.
Сяргей Шыкунец таксама ўдзельнічаў у гэтых работах, і сёння не можа ўспамінаць пра іх без эмоцый. На няўлічанае пахаванне паказала жыхарка Лагойска. Паводле яе слоў, тут былі пахаваны яе сваякі, расстраляныя ва ўрочышчы і потым перапахаваныя ў асобнай магіле.
"У яме дыяметрам каля 80 метраў намі выяўлены касцявыя астанкі, якія належаць не менш як 1021 чалавеку. Самым жахлівым з`яўляецца той факт, што сярод касцявых астанкаў мы знайшлі шкілетаваныя астанкі дзяцей, жанчын, - расказаў намеснік кіраўніка следчай групы. - Даводзілася сваімі рукамі даставаць касцявыя астанкі. І проста… Проста ўнутраны стан настолькі быў эмацыянальны, паколькі мы дакраналіся, па сутнасці, да гісторыі. І цяжка было ўявіць, што адбывалася на тым месцы 80 гадоў таму. Як людзі адзін за адным чакалі сваёй смерці, як іх падводзілі да ямы, ставілі на калені і расстрэльвалі. А тых, хто быў паранены, нават не дабівалі, а проста закопвалі".
Згодна з заключэннем экспертаў, больш за палову атрыманых на гэтым месцы астанкаў належалі жанчынам і дзецям. Узрост загінулых - ад груднога дзіцяці да пажылога чалавека.
У час расследавання ўстаноўлена, што да масавага знішчэння мірнага насельніцтва Лагойскага раёна маюць дачыненне нямецкія фармаванні, паліцэйскія батальёны Украіны і Латвіі, а таксама калабарацыяністы з мясцовай паліцыі.
У жніўні 2022 года ва ўрочышчы Іваноўшчына адбылося перапахаванне больш як 1 тыс. расстраляных у гады Вялікай Айчыннай вайны жыхароў Беларусі.
8 траўня 2024, Мінск
БЕЛТА
8 траўня 2024, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/25/73983
Текущая дата: 23.12.2024