Белорусский портал в Казахстане

Унікальны тысячагадовы шлем адкапалі на беразе Бярэзіны



Нягледзячы на ўзрост, шлем захаваўся цалкам; як мяркуецца, ён мог належаць князю ці яго дружынніку, паколькі толькі багаты чалавек мог дазволіць сабе набыць такую рэч.

Унікальны шлем дзясятага стагоддзя адкапалі на беразе Бярэзіны ў Бабруйску, паведамляе мясцовае выданне "Вячэрні Бабруйск".

Узімку праводзілі работы па ўмацаванні і ачыстцы дна Бярэзіны, а калі снег сышоў і бруд падсох, рабочы знайшоў на беразе ракі старажытны шлем.

Самае дзіўнае, што ён, нягледзячы на ўзрост, захаваўся цалкам. У дадзены момант у свеце ёсць толькі некалькі аналагічных знаходак. У Беларусі шлемы ў такім жа добрым стане былі знойдзены больш за дзесяць гадоў таму ў Мсціслаўле.

Шлем, знойдзены ў Бабруйску, вельмі падобны да шлема з Чорнай магілы, які знаходзілі ў кургане ў Чарнігаве. Як мяркуецца, ён мог належаць прадстаўніку вышэйшага саслоўя - князю ці яго дружынніку, паколькі толькі заможны чалавек мог набыць такі выраб.

Шлем часова будзе захоўвацца ў Бабруйскім гарадскім краязнаўчым музеі да вызначэння ступені яго каштоўнасці. У хуткім часе яго перададуць на экспертызу. Спецыялісты вывучаць яго і закансервуюць.

Да гэтага ў Бярэзіне і на беразе ракі не раз знаходзілі артэфакты часоў вайны 1812 года, дзе перапраўлялася армія Напалеона. Там былі выяўленыя манеты, халодная і агнястрэльная зброя.

Мінск, 5 красавіка 2019
Sputnik

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/250/47450
Текущая дата: 25.12.2024