Такое меркаванне выказала старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім у каментары з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаюць 21 лютага.
Багата людзей дасылаюць у ТБМ прапановы правесці розныя мерапрыемствы, скіраваные на тое, каб "заахвоціць іншых далучыцца да беларускай мовы". Пра тое, што рух за пашырэнне ўжытку беларускай мовы існуе не толькі ў Мінску, але і па-за яго межамі, сведчыць "цікавасць людзей да акцый, мерапрыемстваў ды імпрэз, якія ладзяць рэгіянальныя суполкі ТБМ", у прыватнасці ў Магілёве, Нясвіжы, Слуцку, іншых гарадах краіны.
"Цікавы факт: нам у ТБМ пішуць зняволеныя з просьбамі дапамагчы забяспечыць бібліятэкі папраўчых устаноў літаратурай беларускіх класікаў, перакладамі сусветнай літаратуры на беларускую мову. Многія з іх, асэнсаваўшы за кратамі сваё жыццё, прыходзяць да беларускай мовы, маюць патрэбу ў тым, каб чытаць якасную літаратуру", — паведаміла Анісім.
Кіраўнік ТБМ адзначыла, што пра "канкрэтныя выпадкі, якія б сведчылі пра змену стаўлення дзяржавы да беларускай мовы", паводле вынікаў мінулага года казаць "даволі складана". Яна ўпэўненая, што калі той ці іншы чыноўнік мае прыязнае стаўленне да беларускай мовы, ён "будзе адпаведным чынам праводзіць пасяджэнні, пісаць розныя справаздачы".
"Вядома, казаць пра тое, што агулам усё змянілася, нельга, — канстатавала Анісім. — Але пэўныя захады ТБМ знаходзяць водгалас у шэрагу органаў улады. Напрыклад, я падавала прапановы адносна пашырэння беларускай мовы ў сферах адукацыі і інфармацыі ў Адміністрацыю прэзідэнта. І, як вы бачыце, ужо пайшло разуменне таго, што кантэнт мусіць стварацца беларускі, зыходзячы са сваіх інтарэсаў. Іншае пытанне, колькі месца ў гэтым працэсе будзе займаць уласна беларуская мова. Сёння, можа, яшчэ пытанне так не ставіцца, а заўтра, я думаю, жыццё падвядзе да таго, што як мінімум 50% інфармацыі будзе па-беларуску".
Старшыня таварыства нагадала, што сёлета ў Беларусі адбудуцца дзве важныя падзеі, якія варта выкарыстаць для пашырэння ўжытку беларускай мовы, — II Еўрапейскія гульні і перапіс насельніцтва.
"Мы бачым, што, напрыклад, у метро на маніторах адзін тыдзень паказваюць рэкламу Еўрапейскіх гульняў па-беларуску, другі — па-руску, — адзначыла Анісім. — Прысутнасць беларускай мовы ў прамоцыі гэтага мерапрыемства вельмі важная, бо для іншаземцаў гэта будзе сведчыць, што яны прыехалі менавіта ў краіну з назвай "Беларусь", дзе маецца свая адметная культура і мова".
"Што да перапісу, мы звяртаемся і будзем ладзіць пэўныя акцыі для таго, каб як мага больш людзей пазначала сваёй роднай мовай беларускую. Апрача таго, сёлета будзе адзначацца юбілей дзейнасці Таварыства беларускай мовы, і мы з гэтай нагоды хочам правесці адмысловую канферэнцыю ды рэалізаваць шэраг іншых задум", — паведаміла старшыня ТБМ.
Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук 18—24 лютага праводзіць Тыдзень беларускай мовы. У гэтыя дні лінгвісты ладзяць сустрэчы са студэнтамі, круглы стол на моўную тэматыку, лекцыю, прэзентацыю новага слоўніка, іншыя імпрэзы.
Розныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы, пройдуць у сталіцы і іншых гарадах краіны непасрэдна 21 лютага.
Прадстаўнікі культурнай пляцоўкі "Арт Сядзіба", ініцыятывы "Будзьма беларусамі", Саюза беларускіх пісьменнікаў, ПЭН-цэнтра і сэрвісу say.by у межах кампаніі "Беларускамоўны" ладзяць шэраг святочных імпрэз у Мінску, Брэсце, Магілёве, Гродне, Віцебску і Бабруйску.
У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі замежныя дыпламаты і члены Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА прачытаюць на роднай мове урыўкі з канстытуцый сваіх краін.
Дзяржаўнае прадпрыемства "Белпошта" сёння прапануе кліентам напісаць колькі цёплых слоў па-беларуску сябрам і родным на паштоўцы, якую супрацоўнікі пошты даставяць бясплатна ў любы пункт краіны.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 21 лютага 2019
Мінск, 21 лютага 2019
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/252/46880
Текущая дата: 15.11.2024