Белорусский портал в Казахстане

"М@rt.кантакт" закладвае асновы будучага тэатральнага мастацтва



У Магілёве 21 сакавіка адбылося ўрачыстае адкрыццё ХIV Міжнароднага моладзевага тэатральнага форуму "М@rt.кантакт".

"Калі ў Магілёве ішла размова аб правядзенні першага тэатральнага форуму, быў выбраны вельмі правільны фармат, які спалучае і традыцыі, і інавацыі, - адзначыў міністр культуры Юрый Бондар. - Таму праект жыве, мае свайго гледача, а спектаклі праходзяць з аншлагамі".

Міністр падкрэсліў, што тыя навацыі, якія бачыць глядач на сцэне, створаць аснову будучага мастацтва. Юрый Бондар пажадаў усім удзельнікам і гледачам атрымаць сапраўднае задавальненне ад сустрэчы з высокім мастацтвам і таінствам тэатра.

Паводле слоў намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэя Кунцэвіча, тэатральнае свята ўжо які год збірае ў абласным цэнтры прадстаўнікоў розных культурных традыцый, тэатральных школ і напрамкаў з многіх краін. "Тэатральны форум у Магілёве стаў аўтарытэтнай пляцоўкай для творчага самавыяўлення многіх таленавітых рэжысёраў, акцёраў, мастакоў", - сказаў ён.

На працягу тыдня на сцэнічных пляцоўках абласнога цэнтра будуць прадстаўлены 23 спектаклі калектываў з 10 краін. У Магілёў запрошаны калектывы, якія ўжо ярка праявілі сябе мінулыя гады, а таксама новыя тэатры і творчыя групы з Расіі, Літвы, Латвіі, Украіны, Польшчы, Ізраіля і іншых краін. Палітра праграмы - вельмі яркая і актуальная, у ёй плануецца нямала творчых эксперыментаў.

Магілёўскі аблдрамтэатр прадставіць спектакль "Жоўты пясочак" у пастаноўцы маладога рэжысёра Камілі Хусаінавай паводле апавядання Васіля Быкава, а Магілёўскі абласны тэатр лялек пакажа прэм`еру "Кандыд, або Аптымізм" (паводле Вальтэра) у пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Ігара Казакова.

У час спецыяльнай праграмы пройдуць традыцыйныя майстар-класы для маладых акцёраў, а таксама будзе працаваць майстэрня маладой рэжысуры. Тэатральныя крытыкі вызначаць "Падзею форуму", лепшы спектакль выберуць па выніках глядацкага і інтэрнэт-галасавання.

Праект стартаваў у 2006 годзе. За гэты час форум стаў адной са значных культурных падзей не толькі ў Магілёве, але і ва ўсёй тэатральнай прасторы Беларусі. Геаграфія форуму шырокая. За гады правядзення фестывалю было паказана больш за 200 спектакляў з 21 краіны. Іх паглядзелі больш за 40 тыс. гледачоў. Заснавальнікамі форуму выступаюць Міністэрства культуры, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, упраўленне культуры аблвыканкама, Магілёўскі абласны драматычны тэатр.

22 сакавіка 2019, Магілёў
Сяргей Кулягін - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/252/47349
Текущая дата: 24.12.2024