Белорусский портал в Казахстане

Іван Карызна: Мне хацелася быць самастойнай творчай асобай



Унук знакамітага паэта і сын вядомага кампазітара жыве ў Парыжы, дае канцэрты па ўсім свеце і лепшай публікай лічыць беларускую, таму што яна – родная.

У Беларусі імя віяланчэліста Івана Карызны стала вядома ў 2010 годзе, калі ён, выпускнік Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, студэнт парыжскай кансерваторыі, стаў фіналістам класічнага «Еўрабачання». Іван быў першым беларускім музыкантам, які ўдзельнічаў у гэтым конкурсе. Праз год на найпрэстыжным конкурсе імя Чайкоўскага ў Маскве 19-гадовы музыкант стаў лаўрэатам. На конкурсе імя Каралевы Лізаветы ў Бруселі Іван не толькі быў удастоены звання лаўрэата, але і атрымаў Прыз глядацкіх сімпатый. Цяпер ён выступае ў лепшых канцэртных залах свету, пры гэтым цалкам пазбаўлены пафасу і «зорнасці».
_________________________________________________

– У Мінску вы не выступалі паўтара года, што за гэты час цікавага адбылося ў вашым творчым і асабістым жыцці?

– Пачалася актыўная творчая дзейнасць, бо я скончыў навучанне і цяпер больш часу для таго, каб граць канцэрты па ўсім свеце. У студзені ў дуэце з вялікім скрыпачом Гідонам Крэмерам і яго выдатным аркестрам «Kremerata Baltica», гралі цыкл канцэртаў, якія адбыліся на радзіме маэстра – у Латвіі, а таксама ў Літве, Германіі, Швейцарыі. Творчае жыццё вельмі насычанае, што мяне радуе. У асабістым жыцці без пераменаў: не ажаніўся – я яшчэ вельмі малады, мне 27 гадоў.

– Ці была магчымасць за гэты перыяд проста прыехаць у Мінск да сваіх родных?

– Вядома, тут жа мая сям`я. Прыязджаю мінімум два разы ў год: зімой на тыдзень, а летам і на паўмесяца. Часцей атрымліваецца, калі ёсць выступленні. Вось цяпер пашанцавала: канцэрт 5 сакавіка, а затым у красавіку я прылячу на два дні, каб паўдзельнічаць у юбілейным вечары нашага ліцэйскага аркестра.

– Так ці інакш у Мінску вы наездамі. Якія ўражанні аб горадзе?

 – У мяне вельмі добрыя ўражанні. Па-мойму, Мінск вельмі добра развіваецца, гэта ўжо сур`ёзны еўрапейскі горад. Вядома, усюды ёсць свае плюсы і мінусы. Парыжане або берлінцы таксама чымсьці незадаволеныя ў той ці іншай ступені. Гэта нармальна, гэта – жыццё. Важна, на чым ты канцэнтруешся: на тым, што ўтварылася нейкая праблема ці на тым, што яе трэба вырашыць. У Мінску бачу актыўнасць і ў сферы культуры – праводзяцца цікавыя выставы, музычныя мерапрыемствы – не самыя маштабныя, але цікавыя.

На мой погляд, Мінску не хапае вялікай залы з добрай акустыкай. Філармонія – гэта добра, але для мегаполіса мала. У Беларусі велізарны чалавечы патэнцыял: у нашым ліцэі, у акадэміі музыкі і музычным каледжы вучацца здольныя, нават таленавітыя людзі. Але калі ім не будзе дзе выступаць на радзіме, яны таксама з’едуць. Я ж паехаў не таму, што мяне не задавальняла жыць у Беларусі, я разумеў, што перспектыў як у віяланчэліста дома практычна няма. А я заўсёды марыў аб сольнай кар`еры.

– З аднаго боку, быць унукам знакамітага паэта і сынам вядомага кампазітара для маладога музыканта – вялікая ўдача, родныя заўсёды дапамогуць. З іншага – у нас да творчых дынастый далёка не заўсёды такое ж захопленае стаўленне як да дынастый ў іншых сферах дзейнасці. Гэта як-небудзь паўплывала на ваша рашэнне вучыцца ў парыжскай кансерваторыі?

 – Так, памятаю, быў перыяд, калі мяне называлі выключна «унукам аўтара беларускага гімна». Вельмі люблю свайго дзеда і ўсіх родных, але мне хацелася  быць самастойнай творчай асобай. А калі пад «заўсёды дапамогуць» вы замаскіравалі думка «прапіхнуць», то памыляецеся. Мае дзед і тата не бываюць ў высокіх кабінетах, таму паўплываць на кар`еру праз знаёмства не могуць. Прызнаюся, я гэтаму нават рады, таму што мне заўсёды было куды і да чаго імкнуцца.

У парыжскую кансерваторыю я з`ехаў таму, што мне больш імпануе заходняя мадэль навучання. Там студэнт практычна сам фарміруе праграму навучання. У акадэміі музыкі шмат агульнаадукацыйны прадметаў. І трэба марнаваць час на іх вывучэнне, здачу залікаў, атрыманне адзнакі. Але ў кансерваторыі я хацеў бы атрымаць прафесію, а для развіцця кругагляду існуе самаадукацыя. Таксама я разумеў, што ў Парыжы пачую больш канцэртаў, змагу атрымаць майстар-класы ў выбітных музыкаў.

– Вы ўжо абгрунтаваліся ў Парыжы або ўсё жыццё на чамаданах?

– Пакуль, хутчэй, жыццё на чамаданах. І ў роздумах: які горад зрабіць «якарным».

– У адным з інтэрв`ю чатыры гады таму вы казалі, што ў Беларусі музыканту цяжка дамагчыся чагосьці ў прафесіі ў тым ліку па прычыне адсутнасці ў нас інстытута імпрэсарыа. На мой погляд, з гэтай роляй спраўляецца Музычны Дом «Класіка», праўда, дом адзін, а музыкантаў шмат...

– Імпрэсарыа – гэта вяршыня айсберга. Перш за ўсё, няма інфраструктуры. Гэта не толькі канцэртная зала, магчымасць запрашаць зорак першай велічыні, але і сістэмная праца, накіраваная на выхаванне ў публікі жадання слухаць класічную музыку.

– На жаль, мы часам пакутуем ад нейкага местачковага мыслення, мяркуючы, што не шмат чаго заслугоўваем... І вось Іван Карызна, які выступаў на адной сцэне з Валерыем Гергіевым, Уладзімірам Співаковым без праблем канцэртуе ў малых гарадах Беларусі. У 2015 годзе разам з беларускім піяністам, таксама больш вядомым у Еўропе, Кірылам Кедуком вы выступілі ў 27 гарадах нашай краіны. Якую мэту ставілі перад сабой, згаджаючыся на канцэрты на невялікіх сцэнах?

– Ведаеце, я выступаў бы нават на гарадской плошчы з мэтай папулярызацыі класічнай музыкі. Тады мы далі 20 канцэртаў у музычных школах. Гэта быў свайго роду майстар-клас для навучэнцаў. Усё гэта было няпроста зрабіць, бо патрэбна была хаця б мінімальна прыстасаваная зала, для Кірыла – прыдатны раяль. У звычайных раённых клубах не ведаю, як арганізатары збіралі публіку, але залы былі поўныя, а потым, калі людзі прыслухаліся, быў такі цёплы прыём. Прынята думаць, што класіку разумеюць толькі вельмі адукаваны людзі. Нельга вінаваціць чалавека з глыбінкі, маўляў, ён не ведае, не зразумее. Ён не вінаваты, што не ведае. Адкуль ведаць, калі там няма такіх канцэртаў? Вельмі важна, каб першае знаёмства адбылося пры пасярэдніцтве добрых музыкаў, каб людзі не расчараваліся.

– Праз год ваш дуэт ўзмацніўся скрыпачом-віртуозам Арцёмам Шышковым, і вы таксама далі невялікую серыю канцэртаў не толькі на сталічнай сцэне. Скажыце, ёсць планы сумесных выступленняў з гэтымі ці іншымі беларускімі музыкамі, не абавязкова якія сталі вядомымі ў Еўропе?

– Ёсць планы, пра якія пакуль рана распавядаць, у тым ліку і з беларускімі музыкамі. Маючы сяброў і калег па ўсім свеце, мне хацелася б з часам праводзіць у Мінску міжнародны музычны фестываль. Вы скажаце, што ёсць фестываль Башмета. Выдатна! У ім удзельнічаюць вялікія зоркі. Мне здаецца, Мінск было б выдатна зрабіць сталіцай міжнароднага фестывалю маладых музыкаў экстра-класа. Паверце, беларусы б на ім былі на вышыні. Вельмі спадзяюся, што з часам знайду людзей, здольных падтрымаць такі праект фінансава.

– Ці каціруецца ў Еўропе музычная адукацыя, атрыманая ў Беларусі? Вам лёгка было вучыцца ў парыжскай кансерваторыі пасля ліцэя пры Акадэміі музыкі?

– Мой узровень падрыхтоўкі дазваляў адчуваць сябе ўпэўнена. А руская і беларуская музычныя школы каціруюцца вельмі высока, асабліва тэарэтычная падрыхтоўка. Ведаеце, па сальфеджыа нават парыжскай кансерваторыі трошкі далёка да нашага ліцэю.

– У чым адрозненне заходняй і беларускай публікі, якая наведвае канцэрты класічнай музыкі?

– У заходняй публікі большы выбар пляцовак, канцэртаў, яна такая спрактыкаваная. Калі у Беларусь прыязджае вядомы музыкант – заўсёды аншлаг, нават ажыятаж, увогуле, публіка адукаваная. І яшчэ, вядома, самая цёплая. У гэтым сэнсе наша публіка падобная на маскоўскую і пецярбургскую, але для мяне, вядома, самая лепшая – беларуская, таму што родная.

– Для вас важна, каб еўрапейская публіка ведала, што вы – беларускі музыкант або цяпер усе гэтыя межы сціраюцца?

– Перад канцэртам ніхто пашпарт не правярае. А вось потым – пытаюцца, адкуль вы. Ведаеце, на жаль, да гэтага часу даводзіцца сутыкацца з тым, што для замежнікаў любое славянскае імя – гэта былы СССР, сінонім якога Расія. Гэта прынцыпова: я не хачу, каб мяне лічылі рускім. Таму ладжу невялікую лекцыю, распавядаю аб Беларусі – што гэта сучасная суверэнная краіна з цікавай гісторыяй, багатай культурай, неверагодна прыгожай прыродай і цалкам добраахвотна і рэкламую «безвіз»!

Аўтар: Аксана Яноўская
Звязда, 1 сакавіка 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/255/46959
Текущая дата: 24.12.2024