Белорусский портал в Казахстане

Творы Сальвадора Далі прадставяць у Нацыянальным мастацкім музеі



Міжнародны выставачны праект "Сальвадор Далі" прадставяць 16 сакавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

У экспазіцыі будуць паказаны больш за 100 твораў скульптуры, графікі і ювелірнага мастацтва, створаныя адным з найвялікшых мастакоў ХХ стагоддзя. Акрамя таго, дзве манументальныя скульптуры Сальвадора Далі размесцяцца ў гарадской прасторы.

"Выстаўленыя экспанаты з`яўляюцца часткай калекцыі "Сусвет Далі" (Dali Universe), якая лічыцца адным з буйнейшых прыватных збораў скульптуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Сальвадора Далі. Заснавальнік калекцыі і кіраўнік кампаніі "Сусвет Далі", італьянскі арт-дылер і калекцыянер Беніяміна Леві працаваў са знакамітым іспанскім мастаком у 1960-я гады, калі і пачаў збіраць калекцыю, асаблівую ўвагу ўдзяляючы трохмерным аб`ектам. Сёння ён прызнаны вядучым экспертам па бронзе Сальвадора Далі", - адзначыла загадчыца сектара міжнародных выставак выставачнага аддзела музея куратар праекта Вольга Клецкіна.

Творы з гэтай калекцыі былі прадстаўлены больш як у 100 прэстыжных музеях па ўсім свеце, выставы наведалі амаль 12 млн чалавек. Такая незвычайная калекцыя раскрывае малавядомы аспект работы Далі, прадастаўляючы скульптуры адыгрываць галоўную ролю.

Сальвадор Далі - самы вядомы мастак сюррэалізму, што паўплываў на ўсе сферы яго творчасці - жывапіс, скульптуру, дызайн, графіку, кіно, моду. "Далі прымяняў сюррэалістычную канцэпцыю да ўсяго, што ён гаварыў і рабіў. Яго смеласць і мяцежнае стаўленне да мастацтва аддалілі яго ад іншых і далі яму магчымасць стварыць некаторыя з самых вядомых і пазнаваемых твораў ХХ стагоддзя. Нават праз 30 гадоў пасля смерці майстра ўплыў яго мастацтва можна ўбачыць амаль усюды ў свеце. Імя Далі чароўнае, яно застаецца культавым для сучаснага мастацтва", - расказала куратар.

Выстава "Сальвадор Далі" пройдзе ў рамках святкавання 80-годдзя Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і будзе працаваць па 30 чэрвеня.

Звязда, 3 сакавіка 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/255/47000
Текущая дата: 24.12.2024