Белорусский портал в Казахстане

Католікі, грэка-католікі і пратэстанты святкуюць адно з найбольш важных у хрысціянстве святаў — Божае Нараджэнне



Ва ўсіх беларускіх храмах гэтых канфесій праходзяць урачыстыя набажэнствы.

Старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім пастырскім пасланні да вернікаў адзначыў, што "прыйсце Бога ў чалавечым целе ў наш грэшны свет з мэтай яго збавіць" стала "паваротным пунктам у гісторыі чалавецтва", а таксама "адкрыла яму новы далягляд і дало новую надзею, нават насуперак надзеі".

"Бог не пакінуў чалавека аднаго з яго бядой, але паспяшаўся яму на дапамогу. На гэтую ласку бязмежнай любові Бога да чалавека мы таксама пакліканы адказаць узаемнай любоўю да Бога", — гаворыцца ў пасланні.

Мітрапаліт Кандрусевіч запытвае: ці гатовыя прыняць праўду ўцелаўлення Бога людзі ХХІ стагоддзя, якія ўсё больш абмяжоўваюцца "сваімі інтарэсамі, пошукам прыемнасцяў, імкненнем да ўлады і багацця", давяраючыся толькі "дасягненням розуму, развіццю навукі і тэхналогіі".

"Сучасны свет, а асабліва Еўропа, усё больш секулярызуецца, адмаўляецца ад Бога і хрысціянскіх каштоўнасцяў, — адзначаецца ў пасланні. — Прымаюцца супярэчныя Божаму закону і духу Евангелля законы. Не шануецца Богам створаны інстытут сям`і. Самыя новыя дасягненні генетыкі выкарыстоўваюцца для маніпуляцыі з найбольш каштоўным Божым дарам, якім з`яўляецца дар жыцця. Вядзецца прапаганда згубнай гендарнай ідэалогіі, якая адкідае праўду аб тым, што Бог стварыў чалавека як мужчыну і жанчыну, і сцвярджае, што пол чалавека залежыць ад культурных абставін, у якіх ён жыве, і таму можа змяняцца. Гэтым самым яна пераварочвае Богам створаны парадак дагары нагамі. Парушаюцца прынцыпы сацыяльнай справядлівасці. Тэрарызм і гібрыдныя войны становяцца новай пагрозай. Вялікай праблемай з`яўляецца міграцыя. Сучасная культура і СМІ замест таго, каб умацоўваць духоўная каштоўнасці, іх абвяргаюць".

Арцыбіскуп лічыць, што свет перажывае "нябачаны раней крызіс веры", калі "завуалявана абмяжоўваецца яе публічнае праяўленне", а сама яна ўсё часцей "зводзіцца да прыватнай сферы". У выніку людзі "губляюць надзею і перастаюць верыць у сваё вечнае прызначэнне".

"Няхай дзякуючы таямніцы ўцелаўлення Бога наша Айчына стане Бэтлеемам XXI стагоддзя, каб у ёй кожны дзень праз сваю ласку нараджаўся Езус. Няхай Ён адорыць нас сваім супакоем. Няхай узбагаціць новай надзеяй, якая не толькі ў палітычнай ці эканамічнай свабодзе або ў рэформах, але перадусім у Богу. Няхай благаславіць нас і вядзе шляхам Евангелля ў шчаслівую будучыню. Беларусь, не бойся прыняць Езуса, бо ў Ім наша надзея і шчаслівая будучыня!" — пажадаў вернікам мітрапаліт Кандрусевіч.

Каталіцтва — другая пасля праваслаўя хрысціянская канфесія ў краіне па колькасці вернікаў. Паводле звестак на афіцыйным партале Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі, амаль 1,47 млн грамадзян (крыху меней за 15,5% насельніцтва) — католікі. Сярод іх прыкладна 10 тысяч грэка-католікаў.

Каталіцкі касцёл у Беларусі прадстаўлены Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй і трыма дыяцэзіямі — Гродзенскай, Віцебскай і Пінскай, якія аб`ядноўваюць 486 парафій. У краіне налічваецца 476 каталіцкіх святароў і 448 прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцяў.

Колькасць пратэстантаў розных дэнамінацый у Беларусі ацэньваецца, паводле розных дадзеных, на ўзроўні ад 200 тыс. да 500 тыс. вернікаў.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 25 снежня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/262/46221
Текущая дата: 23.12.2024