На магіле апошняга народнага паэта Беларусі сабраліся родныя, сябры, вучні і проста прыхільнікі яго творчасці.
Помнік апошняму народнаму паэту Беларусі Нілу Гілевічу адкрылі на Кальварыйскіх могілках.
Ніл Гілевіч памёр 29 сакавіка 2016 года на 85-годзе жыцця. Усё сваё жыццё ён прысвяціў беларускаму слову: выкладаў на кафедры беларускай літаратуры БДУ, стаў ініцыятарам стварэння Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны.
Сёння да магілы паэта прыйшлі сябры, калегі, родныя і проста прыхільнікі творчасці. Яны неслі кветкі, стужачкі-вышыванкі і свечкі.
Гучалі ўспаміны і добрыя словы ў адрас вялікага чалавека і таленавітага паэта Ніла Сямёнавіча. Усе прысутныя падкрэсліваюць: калі яго не стала, здарылася страта, аднавіць якую дагэтуль немагчыма.
"Гэта быў не проста вялікі паэт, а сапраўды вялікі чалавек. Такія нараджаюцца толькі раз у стагоддзе. У дваццатым стагоддзі было шмат выбітных творцаў, для многіх з іх Ніл Сямёнавіч быў настаўнікам, для большасці – сябрам, а для нас усіх стаў прыкладам любові да Беларусі і роднай мовы", - падкрэсліў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч.
Апошнія гады свайго жыцця Ніл Гілевіч моцна хварэў, але працягваў сачыць за ўсім, што адбываецца ў краіне, у тым ліку за літаратурай і поспехамі яе маладых прадстаўнікоў.
"Гэта сапраўдны волат Беларушчыны: менавіта ён больш за ўсіх змагаўся за беларускую мову і літаратуру. Ён ніколі не здрадзіў Радзіме" – успомніў найбліжэйшы сябар Гілевіча Радзім Гарэцкі.
Ён апісаў Гілевіча як "працавітага, мэтанакіраванага і закаханага ў сваю Беларусь" чалавека. На развітанне паэт прасіў сяброў "быць апантанымі і адданымі сваёй Бацькаўшчыне"
У гэтым годзе ў беларускай сталіцы з’явіўся нацыянальны ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча. Зараз пасаду рэктара займае гісторык Алег Трусаў.
"Дзякуючы такім асілкам як Ніл Сямёнавіч мы шмат зрабілі для Беларусі за апошнія 30 гадоў", - адзначыў ён.
Аўтарства мемарыяла належыць знакамітаму беларускаму скульптару Ігару Засімовічу. Ён з’яўляецца аўтарам шматлікім беларускіх скульптур, у тым ліку помніка і дошкі у гонар яшчэ аднаго народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.
Мінск, 23 лістапада 2018
Sputnik
Sputnik
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/267/45745
Текущая дата: 23.12.2024