Белорусский портал в Казахстане

Палацу Рэспублікі прысвоены статус «нацыянальны»



Дзяржаўнай установе «Палац Рэспублікі» Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прысвоены статус «нацыянальны». Да такога рашэння прыйшлі ўдзельнікі пасяджэння калегіі Міністэрства культуры «Аб выніках рэалізацыі ў 2023 годзе дзяржаўнай праграмы „Культура Беларусі“ на 2021-2025 гады і задачах на 2024 год».

Начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Кацярына Усава распавяла аб выніках аналізу работы ўстановы. Яна адзначыла яго дынамічнае развіццё, пашырэнне гастрольна-канцэртнай афішы з прыцягненнем беларускіх выканаўцаў і самых разнастайных творчых калектыў.

За час работы Палацам Рэспублікі праведзена больш за 8 тыс. мерапрыемстваў. У прыватнасці, у 2022 годзе — 242 мерапрыемствы, у 2023 — 257. У 2019-2023 гадах Палацам Рэспублікі былі забяспечаны арганізацыя і правядзенне 244 дзяржаўных спецыяльных мерапрыемстваў з удзелам вышэйшых службовых асоб, што нястала ўваходзіць у абавязкі гэтай установы.

Калектывам Прэзідэнцкага аркестра Беларусі, які створаны ў 2002 годзе ў складзе Палаца Рэспублікі, за перыяд яго існавання праведзена больш за тысячу мерапрыемстваў. У рэпертуары аркестра больш за 200 праграм уласнай вытворчасці ў розных музычных жанрах. Рэпертуар калектыву пастаянна папаўняецца, абнаўляецца, уключаючы творы беларускіх аўтараў. У канцэртных праграмах пастаянна гучаць інструментальныя кампазіцыі Яўгена Глебава, Уладзіміра Мулявіна, апрацоўкі беларускага фальклору.

Дарэчы, у 2015 годзе аркестру прысвоена званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь», у 2020 годзе калектыў паспяхова пацвердзіў гэтае званне.

Як адзначыла Кацярына Усава, Палац Рэспублікі выступае арганізатарам культурна-відовішчных мерапрыемстваў не толькі на сваёй пляцоўцы. Мерапрыемствы паспяхова арганізоўваюцца ў культурна-спартыўным комплексе «Мінск-Арэна», на стадыёне «Дынама», праводзяцца тэматычныя канцэртныя праграмы з удзелам Прэзідэнцкага аркестра па замове буйных арганізацый і ўстаноў Беларусі.

Калектыў Палаца Рэспублікі адзначаны падзякай Прэзідэнта Беларусі, ганаровымі граматамі Нацыянальнага сходу, Міністэрства культуры, Мінскага гарвыканкама, іншых міністэрстваў і ведамстваў. За ўкараненне высокаэфектыўных метадаў кіравання якасцю Палацу Рэспублікі двойчы прысвойвалася званне лаўрэата прэміі ўрада Беларусі за дасягненні ў галіне якасці. Установа чатыры разы занесена на Рэспубліканскую дошку Гонару за дасягненне найлепшых вынікаў выканання асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод арганізацый культуры.

У складзе Прэзідэнцкага аркестра таксама дыпламанты і лаўрэаты прэстыжных міжнародных конкурсаў і стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, нагадала начальнік галоўнага ўпраўлення.

Звязда, 30 красавіка 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/27/73874
Текущая дата: 23.12.2024