Не так даўно з`явілася першая беларускамоўная гульня для тэлефонаў — мабільная Біблія для дзяцей.
Гэта адмысловая праграма, зробленая ў форме падарожжа з 41 анімаванай гісторыяй. Дзякуючы ёй дзеці могуць у займальнай форме азнаёміцца з даўнімі, але важнымі для сучаснага жыцця падзеямі, а таксама разгадаць адмысловыя галаваломкі, адказаць на некаторыя цікавыя пытанні.
Пра тое, як удалося зрабіць такую маштабную гульню, і пра тое, што ж яна сабой уяўляе, распавёў кіраўнік праекта Мікалай Малашчонак.
Пра тое, як удалося зрабіць такую маштабную гульню, і пра тое, што ж яна сабой уяўляе, распавёў кіраўнік праекта Мікалай Малашчонак.
___________________________________________________
— На які дзіцячы ўзрост разлічана гэта гульня?
— Яна для дзяцей 6-8 гадоў. Аднак будзе цікавая і больш маленькім, калі бацькі нешта пакажуць, растлумачаць і пагуляюць з імі разам. Гульня складаецца з кароткіх мульцікаў і невялікіх інтэрактыўных заданняў.
— Таксама ў гульні змяшчаюцца галаваломкі...
— Так, яна пабудавана такім чынам, што складаецца з больш чым сарака гісторый з Бібліі — ад стварэння свету, жыцця Ноя і Аўраама да Ісуса Хрыста і апосталаў. Усё расказваецца паслядоўна (ты слухаеш кавалак агучанага тэксту, глядзіш анімацыю), гартаеш далей, бачыш наступны фрагмент — такім чынам разглядаецца адна гісторыя. А напрыканцы ёсць заданні, звязаныя з прагледжаным матэрыялам — напрыклад, трэба ўзнавіць паслядоўнасць падзей (скласці ў патрэбным парадку адмысловыя карткі), суаднесці разам жывёл, прадметы, якія былі згаданыя.
— Я чула, што нават дарослыя спрабавалі гуляць у гэтую гульню. Як думаеш, яна можа быць ім цікавая?
— Думаю, што ў вялікай ступені яна будзе запатрабаваная і дарослымі — найперш з-за беларускай мовы. Бо гэта ўнікальны для нашай краіны прадукт. Ім ужо зацікавілася шмат людзей.
— Наколькі простая беларускамоўная лексіка ўжываецца ў гульні, ці зразумелая яна сучасным дзецям?
— Гэта тая ж мова, якая зазвычай выкарыстоўваецца ў дзіцячай мастацкай літаратуры — вершах і апавяданнях, што вывучаюць у школе. Іншае пытанне — узровень вывучэння беларускай мовы ў нас цяпер увогуле не самы лепшы. Але калі ёсць жаданне, то ўсё магчыма і зразумела.
— Многія нашы чытачы ў тэлефонныя гульні ў прынцыпе ніколі не гулялі. Ці параіш ім увязвацца ў гэтую справу?
— Я б параіў і не пачынаць (усміхаецца.), бо гэта забірае шмат часу, сілы. Аднак часта так адбываецца, што, незалежна ад таго, хочуць бацькі ці не, каб іх дзеці гулялі ў тэлефоне, яны ўсё адно бяруць яго ў рукі, знаходзяць там гульні і чымсьці занятыя. Таму, думаю, такая гульня будзе цудоўнай альтэрнатывай баўлення часу для дзяцей хоць бы малодшага ўзросту.
— Раскажы аб персанажах гульні.
— Гэта ўсе вядомыя біблейскія героі — Ісус, Аўраам, Ной, Майсей, Лот, Самсон, Пётр. Гэта даволі змястоўная гульня. Яна поўна перадае ўсё тое, што змяшчаецца ў Бібліі, толькі дзіцячай мовай. Можна сказаць, што гэта гульнявы аналаг дзіцячай папяровай кнігі.
— Гэта ўсе вядомыя біблейскія героі — Ісус, Аўраам, Ной, Майсей, Лот, Самсон, Пётр. Гэта даволі змястоўная гульня. Яна поўна перадае ўсё тое, што змяшчаецца ў Бібліі, толькі дзіцячай мовай. Можна сказаць, што гэта гульнявы аналаг дзіцячай папяровай кнігі.
— Гукавое суправаджэнне рабіла каманда «Кінаконг», вядомая па працы над стужкамі, якія ідуць на вялікім экране. Раскажы крыху, як ставаралася «агучка» для гульні.
— У каманды няма сталага штата акцёраў, якія займаліся б агучваннем, таму для кожнага праекта ажыццяўляецца персанальны падбор кандыдатур. Агулам увесь працэс перакладу і агучвання расцягнуўся на паўгода. Асноўную частку арганізацыйнай працы зрабіла Надзея Кім. У выніку ўсё атрымалася надзвычай добра, гульню цалкам агучыў вядомы беларускі акцёр Павел Харланчук.
— Ці спампоўвала сям`я Харланчукоў сабе гульню? Ці ёсць нейкія водгукі?
— Мяркую, што яны карыстаюцца ёй. А вось нядаўна мы атрымалі водгук ад маладой маці Надзеі Гарэцкай, якая адзначае, што ім спадабалася выбраная гульнявая форма, схаваныя цікавосткі, якія ствараюць атмасферу адкрыцця, і карысныя пытанні на замацаванне. Яшчэ адна маладая мама Вераніка Шкараба кажа, што раней даводзілася карыстацца аналагічнай праграмай на ўкраінскай мове. А цяпер можна слухаць і чытаць па-беларуску. Яны асабліва адзначаюць: прыемна тое, што агучана ўсё добра знаёмым ім голасам Паўла Харланчука — «беларускага Пэтсана».
— Ці ёсць выхаваўчы эфект у гэтай гульні?
— У выхаванні дзяцей усё ж такі асноўную ролю адыгрываюць бацькі — не школа, не сябры, не вуліца, — і тое, што яны закладаюць, з`яўляецца падмуркам на ўсё жыццё. Таму, калі бацькі з дзецьмі пройдуць гэтую гульню, з`явіцца плён. Нават калі самі дзеці будуць гуляць у яе — немагчыма, каб гістарычныя факты не адклаліся ў свядомасці.
— Чаму бацькам варта выхоўваць дзяцей менавіта з дапамогай Бібліі?
— Таму што гэта тая кніга, у якой закладзены вечныя каштоўнасці. Могуць змяняцца сучасныя трэнды, але гэтыя запаветы ўжо некалькі тысячагоддзяў застаюцца нязменнымі і працуюць: «паважай бацькоў», «не забівай», «не крадзі». Усё гэта фарміруе сапраўды здаровае грамадства. Незалежна ад таго, веруючыя бацькі ці не, важны падмурак, на якім далей будуецца жыццё, разуменне, як ставіцца да іншых людзей. Таму ў гульні закладзены моцны выхаваўчы і культурны аспект.
— У чым заключаецца культурны аспект?
— Ён базіруецца на тым, што гісторыя Беларусі мае глыбокія карані ў Бібліі. Летась мы святкавалі 500-годдзе кнігадрукавання. Каля Нацыянальнай бібліятэкі стаіць помнік Францыску Скарыну, які трымае Біблію. Цытата з гэтай кнігі змешчана і на фасадзе галоўнай бібліятэкі краіны. Гэта кніга была першай надрукаванай у нас, яна цытавалася ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага — галоўным законе краіны. І многія нашы дзеячы былі так ці іначай звязаны з ёй: Ефрасіння Полацкая, Сымон Будны, Мікалай Радзівіл Чорны і іншыя. Таму гэта кніга сфарміравала нас як народ. Тая рэчаіснасць, у якой мы жывём, мае шматлікія адсылкі да яе. Хацелася б, каб гэта не гублялася і не зацёрлася ў сучасным імклівым свеце.
— Наколькі важныя гэтыя маральныя падмуркі ў сучасным грамадстве?
— XXІ стагоддзе — гэта эпоха выклікаў, не толькі для Беларусі, але і для ўсяго свету. Гэта пытанні эміграцыі, штучнага інтэлекту, робататэхнікі, кроскультурнасці. Усё адбываецца імкліва, і, на жаль, некаторыя людзі і народы ў гэтым працэсе губляюць свае карані, гісторыю, — яны могуць застацца без глебы пад нагамі. Таму Беларусі, на маю думку, трэба базіравацца на чымсьці грунтоўным. Не спадзявацца на тое, што дзесьці пашанцуе, а працаваць, прытрымлівацца свайго гістарычнага шляху, культуры, і тады Беларусь будзе паспяховай краінай.
— Часам можна назіраць такую карціну: бацькі хочуць, каб іх дзіця, акрамя рускай, ведала яшчэ англійскую ды іншыя мовы. Але беларускай у гэтым ланцужку не знаходзіцца месца...
— Мяркую, што гэта з`яўляецца праблемай і віной не толькі бацькоў, але і больш глабальнай праблемай гістарычнага шляху Беларусі. Родная мова з`яўляецца важным чыннікам для нацыябудавання. Калі краіна страціць сваю мову, яна страціць і вялікую частку сваёй ідэнтычнасці, бо ў мове закладзены шматгадовы вопыт таго ці іншага народа, гэта можна прасачыць нават па тым, як будуюцца пэўныя выразы, сказы (ёсць адмысловыя галіны навук, якія гэта вывучаюць). Напрыклад, можна параўнаць словы «свята» (ад «святы дзень») і «праздник» (ад «праздность»). Усё гэта моцна ўплывае на тое, як чалавек мысліць і ўспрымае гэты свет. Таму важна захаваць жывы ўжытак мовы. Здымаць фільмы, пісаць на ёй кнігі, навуковыя артыкулы, выкарыстоўваць у паўсядзённасці ды іншае.
— Ці ёсць планы, як папулярызаваць гульню?
— Думаю, важна, каб добрыя рэчы былі навідавоку. Многія людзі наракаюць, што яны не карыстаюцца беларускай мовай, бо на ёй няма таго, што ім патрэбна, — фільмаў, кніг, падручнікаў, у дадзеным выпадку — гульняў. І вось ёсць! Я б хацеў, каб людзі гэтым карысталіся, каб і яны, калі будуць стаяць перад нейкім выбарам, бачылі, што ёсць альтэрнатыва.
Аўтар: Ніна Шчарбачэвіч
Звязда, 11 кастрычніка 2018
Звязда, 11 кастрычніка 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/271/45309
Текущая дата: 23.12.2024