Белорусский портал в Казахстане

Карлюкевіч: Кніжнікі павінны настройвацца на сучасны лад, сучасныя хуткасці



Міністр інфармацыі Беларусі — пра тыражы і асобнікі, класікаў і сучаснікаў і пра тое, якой бы кнігай пахваліўся Скарыну.

Ужо заўтра ў Іванаве распачнуцца першыя мерапрыемствы юбілейнага, 25-га Дня беларускага пісьменства. Як заўсёды, свята для тых, хто піша, і для тых, хто любіць чытаць, збярэ гасцей з усёй краіны і з-за межаў Беларусі.

Асноўным яго арганізатарам па традыцыі выступае Міністэрства інфармацыі. Таму цалкам лагічна перад Днём беларускага пісьменства пра ўласна пісьменства «і вакол яго» пагутарыць з міністрам інфармацыі Аляксандрам Карлюкевічам.
____________________________________

— Аляксандр Мікалаевіч, летась Дзень беларускага пісьменства праходзіў пад эгідай 500-годдзя беларускага кнігадрукавання — тэма, якая да нашага пісьменства мае самае непасрэднае дачыненне, і прайшло свята з вялікім размахам, сапраўды маштабна. Сёлета тэма — малая радзіма — таксама маштабная, вымагае дэталёвай падрыхтоўкі, да таго ж сам Дзень пісьменства юбілейны, 25-ы. Як вы лічыце, сёлета ўдасца ўтрымаць тую планку, той узровень, узняты год назад?

— Чаму б і не? Людзі, якія працуюць над арганізацыяй святкавання, адказныя. У Іванаўскім раёне кіраўніком на працягу болей як дзесяці гадоў Юрый Бісун. Чалавек дасведчаны, граматны, цікаўны і да асветніцтва, культуры.

У яго хапае памагатых — у самых розных галінах. І раённы Савет дэпутатаў вылучыў да свята розныя ініцыятывы. Відаць па ўсім, што грамадскасць не засталася ўбаку ад падрыхтоўкі і правядзення Дня беларускага пісьменства. Усе мерапрыемствы, што ладзіліся, усе тэмы, якія былі агучаны ў плане падрыхтоўкі да ўрачыстасцяў, на кантролі ў Брэсцкім аблвыканкаме. За што можна толькі падзякаваць і старшыні Анатолю Васілевічу Лісу, і яго камандзе. Так што, я ўпэўнены, свята пройдзе на ўзроўні.

А самае галоўнае — яго добры след павінен застацца менавіта ў Іванаве, на Іванаўскай зямлі. І праз мерапрыемствы святочнай праграмы, і праз многія сустрэчы з гасцямі святочных дзён. Застанецца працаваць новая кнігарня «Белкнігі». Пэўны след — добраўпарадкаванне на розных аб`ектах горада. Для кніжніц раёна — падарункам застануцца перададзеныя ў фонды кнігі. Прычым адно выданне прысвечана менавіта Іванаўскаму раёну. У Выдавецкім доме «Звязда» пабачыла свет падрыхтаваная раённай газетай «Янаўскі край» на чале з рэдактарам Ігарам Гетманам кніга нарысаў, гутарак «Людзі Янаўскага краю». Застанецца ў горадзе і памятны знак у гонар Дня беларускага пісьменства, і сад Малітвы, пасаджаны ўдзельнікамі экспедыцыі «Дарога да святыняў».

— Да Дня пісьменства традыцыйна падводзяцца вынікі работы кнігавыдавецкай галіны. Асаблівая тэма — кнігі, выдадзеныя па-беларуску. Колькасць назваў, якія пабачылі свет у беларускіх выдавецтвах, не змяншаецца. А вось тыражы не вельмі вялікія. Які з гэтых параметраў у сённяшніх стасунках, на ваш погляд, важнейшы, па якім можна меркаваць пра сітуацыю ў выдавецкай справе і вакол літаратуры ўвогуле?

— Адносна тыражоў не магу пагадзіцца. Яны ў працэнтных суадносінах альбо растуць, альбо зніжаюцца праз некаторы час, напрыклад, на 0,1 працэнта. Іншая справа, што невысокія тыражы ў кніг паасобку. Але ў гэтым — пазнака часу. Летась было выдадзена 9 590 кніг і брашур агульным накладам 23 мільёны 100 тысяч экзэмпляраў. Няцяжка палічыць, што сярэдні тыраж адной кнігі — прыкладна 2,4 тысячы экзэмпляраў. Так, вельмі шмат кніг выдаецца накладам у 100 экзэмпляраў і меней. Як правіла, гэта датычыцца мастацкай ці дакументальнай літаратуры, якую выдаюць аўтары за свае сродкі.

— Сёлета чарговы раз будзе ўручана Нацыянальная літаратурная прэмія. Кампетэнтнае журы ўжо вызначыла пераможцаў. Але ёсць яшчэ галоўны суддзя — чытач. Як зрабіць так, каб гэтыя самыя кнігі-пераможцы сталі вядомыя шырокай публіцы, каб трапілі да гэтага строгага суддзі ў рукі?

— Усё залежыць ад аўтара, ад зместу кнігі і крышачку ад выдавецтваў, якія, канешне ж, займаюцца прапагандай кнігі. Дзяржава ўкладвае сёння дастаткова сур`ёзныя сродкі ў кнігавыданне. І праз датацыю пэўных праектаў, і праз падтрымку Саюза пісьменнікаў як грамадскай арганізацыі. І таксама — вылучаючы сродкі для выдання літаратурна-мастацкіх перыядычных выданняў. Але, як і ў любым сектары жыцця, шмат залежыць ад ініцыятывы, ад прафесіяналізму. Безумоўна, найперш — ад прафесіяналізму кіраўнікоў айчынных выдавецтваў, ад таго, як выбудоўваюць перспектывы развіцця нацыянальнай літаратуры ў рэдакцыях часопісаў. Адказнасць на ўсіх удзельніках кніжных, літаратурна-мастацкіх працэсаў надзвычай вялікая.

— Традыцыйны круглы стол «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго», які пройдзе ў рамках Дня пісьменства і ў якім возьмуць удзел літаратары розных краін, сёлета ў многім будзе прысвечаны праблеме мастацкага перакладу. У Беларусі на сёння развіта перакладчыцкая школа? І наколькі актуальнае пытанне перакладу беларускіх аўтараў на мовы свету? Каму тут, на ваш погляд, варта аддаваць перавагу: класікам ці сучаснікам?

— Перавагу аддаваць патрэбна добрай, якаснай літаратуры. Класіка таму і лічыцца класікай, што вытрымала выпрабаванне часам, таму, што характарызуе гістарычныя, нацыянальныя асаблівасці таго ці іншага народа. І пераўвасабляючы творы класічнай літаратуры, нашы айчынныя пісьменнікі, перакладчыкі выконваюць місію ўзбагачэння нашай роднай літаратуры, нашай роднай мовы, нашай культуры. І разам з тым нельга не разглядаць сучасную літаратуру. Яна ў найлепшых сваіх творах — адлюстраванне сучасных працэсаў, сучасных здабыткаў, сучасных драм і трагедый, над якімі нельга не разважаць.

Прыемна, што расце, узвышаецца вялікі атрад перакладчыкаў з мовы арыгінала — і з англійскай, і з нямецкай, і з польскай, і са шведскай... І нават з кітайскай. На ніве пераўвасаблення кітайскай прозы і паэзіі ў нас працуюць маладыя перакладчыкі Дар`я Нечыпарук, Алена Раманоўская, Кацярына Гардзей і шмат хто яшчэ. Дзякуючы іх памкненням, дзякуючы руплівасці супрацоўнікаў літаратурна-мастацкіх выданняў і кніжных рэдактараў Аляксея Чароты, Юліі Алейчанкі, Святланы Воцінавай, Вольгі Аляксеевай, Кацярыны Захарэвіч у нас выйшлі адмысловыя «кітайскія нумары» некаторых часопісаў — «Маладосць», «Нёман», «Бярозка». Дзякуючы ў значнай ступені ім робіцца і серыя кніг «Светлыя знакі. Паэты Кітая» — спярша яна выходзіла ў Выдавецкім доме «Звязда», цяпер — у «Мастацкай літаратуры». Выйшлі дзве аўтарскія анталогіі перакладаў кітайскай паэзіі на беларускую мову. Перакладчык — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі. У кожнай з анталогій прадстаўлены 100 паэтаў Кітая. Зараз Мікалай Міхайлавіч падрыхтаваў вялікі зборнік паэзіі Ай Ціна.

А колькі зроблена па прадстаўленні беларускай літаратуры ў свеце. У апошнія гады над гэтым якраз і працавалі нашы госці — Юрый Шчарбакоў з Астрахані, Рэнат Харыс і Роберт Мінулін з Татарстана, Валеры Тургай з Чувашыі, Марат Гаджыеў з Дагестана, Зульфія Хананава з Башкартастана, Святлана Ананьева з Казахстана, Чынгіз Алі аглу, Камран Назірлі з Азербайджана, Ато Хамдам з Таджыкістана... А ў Чачэнскай Рэспубліцы склаўся асяродак сапраўдных сяброў беларускай літаратуры — Лула Куна, Руслан Кадзіеў, Адам Ахматукаеў, Пецімат Петрымава.

— Беларусы першыя з усходніх славян атрымалі друкаваную кнігу. Нагода для гонару, для асэнсавання сябе адукаваным народам, які заўсёды цаніў асвету. Але і вялікая адказнасць і перад сабой, і перад сусветнай супольнасцю, і перад будучымі пакаленнямі. Як Вы думаеце, у Скарыны і яго паслядоўнікаў была б нагода ганарыцца нашчадкамі тых, для каго ён друкаваў кнігі? І якую сучасную кнігу (або кнігі) міністр інфармацыі найперш прадэманстраваў бы першадрукару, каб паказаць яму, што яго справа ў надзейных руках?

— Перачытваю зараз раман Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». У сучасным выданні выдавецтва «Беларусь». Гартаю гэту ўнікальную, напоўненую гумарам і філасофскімі развагамі кнігу ў афармленні Міхася Басалыгі, і атрымліваю незвычайную асалоду. Як быццам у адначассе чытаю Гашака, Булгакава, Ільфа і Пятрова і нашых Мрыя і Максіма Гарэцкага. Столькі ў Караткевіча сэнсаў, столькі розных настрояў жыцця, што яшчэ раз пераконваешся, што класіка неўміручая. А ўсё таму, што гэта арыгінальны мастак, чалавек арыгінальнага таленту, і, канешне ж, любыя параўнанні хісткія і тым больш недакладныя. Упэўнены: Скарыну раман прыйшоўся б даспадобы, а афармленню выдання ён, несумненна, пазайздросціў бы.

З твораў сучаснікаў заўсёды чытаю паэзію і прозу Алеся Бадака, Людмілы Рублеўскай, Раісы Баравіковай, Міколы Мятліцкага, Казіміра Камейшы, Марыі Кобец, прозу Алега Ждана, Уладзіміра Саламахі, Алены Паповай, Алены Брава, гістарычную эсэістыку Івана Саверчанкі. Шмат цікавага ў дзіцячай літаратуры. Магчыма, далёка не ўсё я чытаю, але з цікавасцю адкрываю для сябе новыя кнігі Алены Масла, Галіны Пшонік, Анатоля Зэкава з яго паэтычнымі прыдумкамі, Міколы Чарняўскага, Анатоля Бутэвіча, Уладзіміра Ліпскага. Не абмінаю краязнаўчых публікацый Алеся Марціновіча, Анатоля Бензерука, Аляксандра Валковіча. І, канешне ж, вельмі ўважлівы да таго, што пішуць літаратуразнаўцы, літаратурныя крытыкі. Уражаны нядаўняй глыбокай кнігай Уладзіміра Гніламёдава і Міколы Мікуліча. З цікавасцю чытаю артыкулы Івана Штэйнера, Ірыны Шаўляковай. А ўвогуле свет сучаснай беларускай літаратуры сёння проста бязмежны. Гэта і выдаўцоў настройвае на пэўны лад, пэўныя хуткасці. Мабыць, нейкія падказкі да новых адкрыццяў можна будзе кожнаму з нас разгледзець і на Дні беларускага пісьменства ў Іванаве.

Пытанні задавала Алена Ляўковіч

Аўтар: Алена Ляўковіч
Звязда, 31 жніўня 2018 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/272/44773
Текущая дата: 15.11.2024