Белорусский портал в Казахстане

У Менску прэзэнтавалі «інструкцыю для абароны беларускай мовы». Далей — у рэгіёны



Паліттэхноляг Аліна Нагорная і юрыст Ігар Случак, якога называюць у інтэрнэце «моўным інспэктарам», 9 кастрычніка прэзэнтавалі ў Менску кнігу «Абаронім мову».

Прэзэнтацыя ладзілася для тых, хто ахвяраваў на выданьне праз сайт Talaka.by, дзе патрэбную на выданьне суму ў 2 тысячы рублёў сабралі за два дні.

«Вельмі важна бараніць сваё права на мову, бо беларуская мова — гэта адзіная каштоўнасьць, якая адрозьнівае нас ад астатніх народаў, — тлумачыць Ігар Случак. — Цяпер мы маем сытуацыю, калі збольшага беларуская мова дзяржаўная толькі на паперы».

Дапаможнік кішэннага фармату зьмяшчае на 60 старонках вытрымкі з заканадаўства, узоры зваротаў, парады і інструкцыі на розныя выпадкі — напрыклад, калі чалавека абразілі за ўжываньне беларускай мовы або калі не хапае нейкага дакумэнту па-беларуску.

Аўтары кажуць, што кніга ня ёсьць інструкцыяй у тым, як «стаць моўным інспэктарам», а прызначана для звычайных беларусаў, якія хочуць абараніць законныя правы. Але парады прыдатныя і для патрабаваньняў выконваць законы ад самых высокіх інстанцыяў.

«Нашая мэта — каб правы беларускамоўных былі абароненыя ва ўсіх сфэрах, — кажа Аліна Нагорная. — Вось, напрыклад, цяпер створаная пэтыцыя „За беларускую мову на этыкетках“. Калі зьмены, прапісаныя ў пэтыцыі, будуць прынятыя ў заканадаўства, беларускай мовы вакол нас адразу стане нашмат больш. Таму запрашаем далучацца да пэтыцыі і ўвогуле да дзейнасьці „Умовы для мовы“».

Каб паказаць, як выглядае такая дзейнасьць, Случак выставіў стэнд з адказамі, атрыманымі на ягоныя пісьмовыя звароты ад розных кампаніяў і інстанцыяў: ад вытворцы чыпсаў «Анега» і футбольнага клюбу БАТЭ да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і Канстытуцыйнага суду.

Пазьней прэзэнтацыі дапаможніка «Абаронім мову» адбудуцца ў Баранавічах (ужо вядомая дата — 24 кастрычніка на курсах «Мова Нанова»), Браславе, Горадні, Салігорску, Слуцку і паўторна ў Менску. Прэзэнтацыі ўжо будуць адкрытымі.

Аўтары плянуюць празь нейкі час стварыць сайт на тэму абароны беларускай мовы, выкласьці там дапаможнік для вольнага спампоўваньня.

Радыё Свабода, 10 кастрычніка 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/272/45317
Текущая дата: 22.12.2024