Белорусский портал в Казахстане

Выстаўка "Зачараваны музыкай" да 80-годдзя народнага артыста Беларусі, народнага артыста СССР Ігара Лучанка адкрываецца 8 жніўня ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры



Аб гэтым паведамілі ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі.

Госці змогуць азнаёміцца з дакументальнымі матэрыяламі, фатаграфіямі, убачыць асабістыя рэчы, віншаванні, граматы кавалера ордэна Францыска Скарыны, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР і спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, старшыні праўлення Беларускага саюза кампазітараў Ігара Лучанка, афішы.

Нарадзіўся Ігар Міхайлавіч у Мінску 6 жніўня 1938 года. Музычную адукацыю атрымаў у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі па класе кампазіцыі прафесара А. Багатырова (1961). Яго дыпломнай работай сталі сімфонія (1961) і кантата "Курган" (1962) паводле аднайменнай паэмы Янкі Купалы, у далейшым перапрацавана ў рок-оперу "Гусляр" (1971) для ансамбля "Песняры".

Талент кампазітара развіваўся ў Ленінградскай кансерваторыі пад кіраўніцтвам прафесара В. М. Салманава (1965) і ў Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі пад кіраўніцтвам прафесара Ц. М. Хрэннікава (1970).

У 1963 годзе малады кампазітар вяртаецца ў альма-матар - Беларускую дзяржаўную кансерваторыю ў якасці выкладчыка, а з часам - і рэктара (1982-1985). У 1966 годзе Ігар Лучанок упершыню праявіў сябе як самабытны кампазітар-песеннік.

На Усесаюзным конкурсе савецкай песні яго песня-балада "Памяць сэрца" (на словы паэта М. Ясеня) у выкананні Віктара Вуячыча атрымала першую прэмію. Гэта песня стала вяхой і вызначыла адну з важных тэм яго творчасці ў наступных песнях - "Хатынь", "Каб камяні маглі гаварыць", "Пісьмо з 45-га", "Курган Славы", "Старое кіно", "Майскі вальс".

Ігар Лучанок звяртаецца да творчасці многіх паэтаў: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Петруся Броўкі і інш., а таксама расійскіх паэтаў Роберта Раждзественскага, Яўгена Еўтушэнкі.

Шчыра выказана любоў да Беларусі ў вядомых песнях "Мой родны край", "Я хаджу закаханы", "Спадчына", "Жураўлі на Палессе ляцяць". Неабходна адзначыць і лірычныя песні, такія як "Вераніка", "Алеся", "Зачарованая мая". Мелодыю "Песні аб Мінску" адбіваюць кожную гадзіну куранты на вежы Мінскай ратушы.

Выстаўка "Зачараваны музыкай" будзе працаваць па 24 жніўня.

30 ліпеня 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/274/44364
Текущая дата: 15.11.2024