Белорусский портал в Казахстане

"Жыць трэба сумленна": 4-га жніўня спаўняецца 101 год з дня нараджэння Янкі Брыля



Янка Брыль казаў, што толькі чыстыя сэрцы бачаць прыгажосць і быў упэўнены, што чалавек пачынаецца, калі самастойна робіць выбар.

"Для мяне літаратура —  гэта служэнне", — казаў пра сваю творчасць народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль. Яго творы са школы ведаюць усе беларусы, а біяграфія стала прыкладам плённай працы, поўнай творчага натхнення.

Ад беднага сына чыгуначніка да народнага пісьменніка

Нарадзіўся Янка Брыль у сям`і чыгуначніка ў Адэсе. У 1922 годзе сям`я прыехала на Карэліччыну ў вёску Загор`е. У 1931 годзе Янка Брыль паступіў ў Наваградскую гімназію, але не змог там вучыцца, таму што не было грошай.

Гэта не стала перашкодай. Як адзначаў Брыль у аўтабіяграфіі, "з чатырнаццаці год за сталага працуючы ў гаспадарцы, я многа чытаў, настойліва займаўся самаадукацыяй. Многія ночы праседжваў над першымі творамі".

У 1939 годзе юнака прызвалі ў Войска Польскае, дзе ён служыў у марской пяхоце. У гады Другой сусветнай вайны ён трапіў у палон, але ўцёк і да яе заканчэння ваяваў сярод партызан. Менавіта ў гэтыя часы пачалася яго журналісцкая праца — рэдагаваў газету "Сцяг свабоды" і сатырычны лісток "Партызанскае жыгала". Пасля вызвалення Беларусі загадваў аддзелам у рэдакцыі часопіса "Вожык".

Сярод знакавых кропак у біяграфіі Брыля — пасада намесніка рэдактара часопісаў "Маладосць" і "Полымя", сакратара праўлення СП БССР і нават дэпутатства ВС БССР.

У 1981 годзе Янка Брыль атрымаў званне ганаровага пісьменніка Беларусі. Акрамя гэтай, безумоўна, галоўнай узнагароды, на яго ліку — два ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэн Айчыннай вайны II ступені, ордэн Дружбы Народаў, ордэн "Знак Пашаны", мэдаль Францыска Скарыны, шматлікія літаратурныя прэміі.

Памёр Янка Брыль 25 ліпеня 2006 годзе, не дажыўшы да свайго дзевяностагадовага юбілею адзін год. Пахавалі яго ў Калодзішчах.

Творы Янкі Брыля перакладзены больш чым на 30 моў свету.

У верасні 2007 года вуліца ў мікрараёне Міхалова атрымала імя Янкі Брыля. Такая ж вуліца існуе ў польскай Гдыні.

Асноўныя творчыя вехі

Першыя літаратурныя спробы ўбачылі свет у 1938 годзе на старонках папулярнага заходнебеларускага часопіса "Шлях моладзі". Гэта былі вершы "Апошнія крыгі", "Ажываюць лес і поле…", "Запрог у саху Рыгор сівулю…", "Спатканне".

Першы зборнік твораў Янкі Брыля "Апавяданні" з`явіўся ў 1946 годзе. Услед за ім былі надрукаваныя "Нёманскія казакі" (1947), "Вераснёвая рунь" (1949), "Ліпка і клёнік" (1949), "Зялёная школа" (1951). За аповесць "У Забалоцці днее" у 1952 годзе Янка Брыль атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР.

У 50-ых пісьменнік плённа працаваў у жанры аповесці. За кнігу апавяданняў, замалёвак, нарысаў "Працяг размовы" ў 1963 годзе Брылю была прысуджана Літаратурная прэмія імя Якуба Коласа, а ў 1982 годзе за аповесць "Золак, убачаны здалёк" — Дзяржаўная прэмія Беларусі.

Адным з першых Брыль паказаў вайну як супярэчлівую з`яву у рамане "Птушкі і гнёзды". Тэме вайн прысвечана і кніга "Я з вогненнай вёскі", напісанай сумесна з Адамовічам і Калеснікам.

Бібліяграфія Янкі Брыля налічвае каля сарака кніг у арыгінале і шматлікія пераклады больш як на трыццаць моваў. Акрамя таго, ён перакладаў на беларускую мову творы Талстога, Чэхава, Крылова і іншых.

Sputnik, 4 жніўня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/274/44413
Текущая дата: 15.11.2024