Белорусский портал в Казахстане

Народнаму артысту Беларусі Віктару Манаеву спаўняецца 60 гадоў



Аматарам тэатра добра вядома імя таленавітага беларускага акцёра лаўрэата дзяржаўных прэмій Віктара Сяргеевіча Манаева.

Віктар Манаеў нарадзіўся 7 жніўня 1958 года ў Мінску. Захапіўся тэатрам яшчэ ў школе, дзе актыўна ўдзельнічаў у рабоце драмгуртка. Ён скончыў школу ў 1975 годзе, але ў тэатральны інстытут адразу не паступіў. Віктар цэлы год да наступных уступных экзаменаў працаваў у Дзяржаўным тэатры лялек і так палюбіў яго, што паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут на лялечнае аддзяленне.

У 1980 годзе таленавітага выпускніка запрасілі ў Купалаўскі тэатр (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы). Манаева ведаюць і любяць, у білетнай касе гледачы часта пытаюць, ці заняты ён у спектаклі. За гэты час артыст сыграў самыя розныя ролі, але нават калі б Віктар Манаеў сыграў толькі Лёньку Адуванчыка з "Радавых" Аляксея Дударава, то і тады яго імя ўвайшло б у гісторыю нацыянальнага тэатра. За выкананне гэтай ролі Манаеў у 1985 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР у галіне драматычнага мастацтва і стаў самым маладым лаўрэатам гэтай прэміі. Высока было ацэнена і выкананне артыстам ролі Мікіты Зносака з "Тутэйшых" Янкі Купалы - Дзяржаўная прэмія Беларусі ў 1992 годзе.

Сярод вядомых ролей Віктара Манаева - Мікіта ў спектаклі "Ажаніцца - не журыцца" братоў Далецкіх і Міхася Чарота, Норман у "Касцюмеры" Рональда Харвуда, Ян Губач з "Ідыліі" Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Кай са "Снежнай каралевы" Андэрсена і многія іншыя.

Віктару Манаеву давялося працаваць з педагогам і рэжысёрам Андрэем Андросікам. Сярод іх сумесных спектакляў - "Наш Купала", "Апошняе спатканне", "Даходнае месца".

Цэлая эпоха ў жыцці артыста звязана з рэжысёрам Мікалаем Пінігіным. Гэтаму творчаму дуэту абавязаны сваім жыццём Гаральд у спектаклі "Гаральд і Мод", Генрых у "Драконе". У спектаклях "Тры Іваны, тры браты", "Снежная каралева" і "Гаральд і Мод" Манаеў сыграў з праслаўленай Стэфаніяй Станютай.

Акцёрскае майстэрства Віктара Сяргеевіча вызначае павышаная шчырасць, выразная пластыка, вострая гратэскная форма арганічна спалучаюцца з глыбокім веданнем псіхалогіі сцэнічных вобразаў. 

Вядомы Віктар Манаеў таксама ў кіно і на тэлебачанні. Ён здымаўся ў фільмах "Людзі на балоце", "Ідзі і глядзі", "Подых навальніцы", "Давай пажэнімся!", "Павадыр", "У жніўні 44-га". Аб жыцці і творчасці Віктара Манаева ў 1999 годзе зняты дакументальны фільм "Несыграная роля", у якім ён прадэманстраваў свой велізарны творчы патэнцыял.

Творчасць акцёра адзначана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі і СССР, прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі, дыпломам за лепшую мужчынскую ролю на фестывалі "Прыбалтыйская тэатральная вясна-85", а таксама дыпломам фестывалю "Залаты віцязь" у 2005 годзе за ролю Жабрака ў спектаклі "Сымон-музыка" паводле паэмы Якуба Коласа.

7 жніўня 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/274/44510
Текущая дата: 15.11.2024