Белорусский портал в Казахстане

Сезон без прэм`еры?



Cпрэчкі вакол оперы "Саламея", напісанай паводле біблейскіх апавяданняў, ва ўсім свеце доўжацца ўжо больш за 100 гадоў.

Настрой, які пануе ў Нацыянальным тэатры оперы і балета напярэдадні адкрыцця сезона, далёкі ад прыўзнятага. Бо навіну апошніх дзён інакш, як культурным шокам, не назавеш: прэм`еры спектакля «Саламея», падрыхтоўка да якога ішла вельмі доўга (толькі 1,5 года салісты развучвалі партыі на нямецкай мове) і на які распрададзеныя ўсе 2,5 тысячы білетаў, не адбудзецца.

— Прэм`ера перанесеная, — удакладняе дырэктар Вялікага тэатра Уладзімір Грыдзюшка і, папярэджваючы наступныя пытанні, дадае: — Гэта не маё рашэнне, мы ніколі не ішлі на адмену спектакляў. Але рашэнне прынятае. Давайце ўспрымаць гэта як данасць, таму ні лішніх пытанняў, ні лішніх каментарыяў, ні лішніх ацэнак агучваць не трэба.

Як планавалася раней, пастаноўка рэжысёра Міхаіла Панджавідзэ — опера Рыхарда Штрауса «Саламея» з харэаграфічным пралогам на музыку сімфанічнай паэмы «Так гаварыў Заратустра» — мусіла адкрыць 86-ы тэатральны сезон 9 і 10 верасня. Днямі, 5 верасня, рэпетыцыю оперы глядзелі дзве высокія камісіі — мастацкі савет Міністэрства культуры і экспертная камісія па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці, у якую ўваходзілі ў тым ліку прадстаўнікі духавенства, — і не знайшлі ў змесце і мастацкай падачы ніякіх заганных момантаў і абразы пачуццяў вернікаў.

...Наогул, спрэчкі вакол оперы, напісанай паводле біблейскіх апавяданняў, ва ўсім свеце доўжацца ўжо больш за 100 гадоў. «Саламею» доўгі час забаранялі ставіць у Вялікабрытаніі, Аўстрыі, ЗША. Асаблівыя нараканні крытыкаў і цэнзараў выклікалі цэнтральная сцэна — скандальна знакаміты танец сямі покрываў, і фінал з уласна адсечанай галавой прарока на сярэбраным падносе...

Разам з тым напрыканцы ХХ стагоддзя опера з поспехам прайшла ў тэатрах Лондана, Зальцбурга, Мюнхена і Мілана. Цяпер «Саламея» без аніякіх перашкод і скаргаў з боку вернікаў ідзе ў Марыінскім тэатры Санкт-Пецярбурга і ў маскоўскай «Новай оперы». Фрагмент сімфанічнай паэмы «Так гаварыў Заратустра» адкрывае штогадовы сталічны музычны фестываль «Класіка ля ратушы», а цалкам гэты твор лічаць за гонар выканаць многія выбітныя калектывы, у тым ліку расійскі Дзяржаўны акадэмічны Вялікі сімфанічны аркестр імя П. Чайкоўскага.

— У нашай пастаноўцы няма адсечанай галавы Іаана Хрысціцеля. І танец сямі покрываў у нас выконвае не Саламея, а сем цудоўных балерын, і ніякага распранання няма. Мы ніякім чынам не ўшчамляем пачуцці вернікаў, — заўважае дырэктар тэатра.

Але ж... Мабыць, тут супалі адразу некалькі фактараў: гэта і вялікае рэлігійнае свята, якое выпадае на 11 верасня (Дзень усекнавення галавы Іаана Прадцечы), і растыражаваны (у тым ліку праз інтэрнэт) і накіраваны ў розныя інстанцыі адкрыты ліст вернікаў Беларусі, аўтары якога — 125 чалавек — патрабуюць забараніць «Саламею» наогул і прыцягнуць галоўнага рэжысёра і кіраўніка тэатра да крымінальнай адказнасці... Можна толькі здагадвацца, наколькі згаданыя абставіны і не вядомыя шырокай грамадскасці факты разам і паасобку паўплывалі на канчатковае рашэнне, але яно было агучана літаральна напярэдадні чаканай прэм`еры.

У Нацыянальным тэатры оперы і балету не сталі раздзімаць скандал і пайшлі насустрач пажаданням вернікаў. Хоць гледачам, якія чакалі вераснёўскай прэм`еры, вядома, будзе вельмі складана патлумачыць перанос спектакля. Аднак «Саламею» беларусы ўсё ж убачаць — 18, 19 і 20 кастрычніка. Набытыя квіткі сапраўдныя. Новы ж сезон пачнецца 11 верасня — з балетаў «Пятрушка» Ігара Стравінскага і «Шахеразада» Мікалая Рымскага-Корсакава. У кастрычніку чакаецца прэм`ера нацыянальнага балета «Анастасія».

Простая мова

— Да гэтай пастаноўкі мы рыхтаваліся практычна дзесяць сезонаў, з моманту майго прыходу ў тэатр. Бо яна выводзіць тэатр на іншы ўзровень, у шэраг тэатраў сусветнага калібру! — падтрымлівае калег галоўны дырыжор Віктар Пласкіна. — А калі сказаць знаўцу, што «Саламея» ў нас ідзе з сімфанічнай паэмай Штрауса «Так гаварыў Заратустра», наогул ніхто не верыць, што гэтыя рэчы можна спалучыць у адным спектаклі, настолькі яны складаныя.

— Я не разумею, як каментаваць прынятае рашэнне. Спадзяюся, што гэта проста непаразуменне, пра якое можна сказаць: «Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло», — заўважае галоўны рэжысёр Вялікага тэатра Міхаіл Панджавідзэ. — Затое мы адрэпеціруем яшчэ лепш, пакажам спектакль не два, а тры разы, сыграем, магчыма, на такім уздыме, якога і самі ад сябе не чакалі...

У сучасным свеце, нагадвае рэжысёр, востра стаіць пытанне аб тым, як вяртаць да традыцыйных каштоўнасцяў. Пэўна, для гэтага трэба забараняць зусім не тэатральныя спектаклі, а ўсім вядомыя тэлешоу і сумнеўныя забаўлянкі, якія часам займаюць празмерна многа месца ў медыяпрасторы... Культуру ж — у тым ліку оперныя спектаклі — неабходна падтрымліваць. «Мы — не «забаўлянка», мы — культура, той выхаваўчы і адукацыйны інстытут, які сее разумнае, добрае, вечнае», — важка дадае Міхаіл Панджавідзэ. І хто, цікава, можа гэта аспрэчыць?

Аўтар: Вікторыя Целяшук 
Звязда, 8 верасня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/275/44869
Текущая дата: 22.12.2024