Белорусский портал в Казахстане

У Магілёве прэзэнтавалі афіцыйнае каталіцкае выданьне «Новага запавету». Над ім працавалі 15 гадоў



Прэзэнтацыя «Новага запавету» адбылася ў абласной бібліятэцы. Прадставіў кнігу грамадзкасьці старшыня канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«Гэта адказ на знак часу пра неабходнасьць даць нашаму народу Божае слова на яго роднай мове», — у Магілёве прадстаўнікі каталіцкага духавенства прэзэнтавалі першае поўнае афіцыйнае рыма-каталіцкае беларускамоўнае выданьне «Новага запавету».

Тадэвуш Кандрусевіч: «Абуджэньне беларускай самасьвядосьці»

Сэкцыя перакладу літургічных тэкстаў і афіцыйных дакумэнтаў Касьцёлу пры Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі працавалі над кнігаю пятнаццаць гадоў. У яе ўвайшлі тэксты сьвятога пісаньня, якія цяпер выкарыстоўваюцца ў каталіцкіх набажэнствах.

У сваім выступе сьвятар сказаў, што абуджэньне беларускай самасьвядомасьці і адраджэньне каталіцкага касьцёлу ў Беларусі ў канцы 1980-х гадоў пасьля ганеньняў, якія зьведалі тры пакаленьні вернікаў, выклікала неабходнасьць мець літургічную літаратуру на беларускай мове, у тым ліку пераклад Бібліі.

«Розныя сьвятары і сьвецкія асобы шмат часу і высілкаў прысьвяцілі гэтай справе. Яны сталі ініцыятарамі перакладу Божага слова на сучасную беларускую мову. Іх пераклады хоць і ўяўляюць вялікую каштоўнасьць, але не аўтарызаваныя адпаведнай касьцёльнай уладай, чаго патрабуе касьцёльная дысцыпліна. Касьцёл можа выкарыстоўваць толькі афіцыйна зацьверджаныя пераклады, у тым ліку і Бібліі», — тлумачыў грамадзе неабходнасьць афіцыйнага перакладу «Новага запавету» Тадэвуш Кандрусевіч, які таксама падчас службы ў Расеі перакладаў сьвятое пісаньне, бо яго расейскамоўнай вэрсіі не было.

Тадэвуш Кандрусевіч: Беларуская мова разьвіваецца, таму афіцыйнае выданьне «Новага запавету» не апошняе

У інтэрвію сьвятар адзначыў, што беларускаму касьцёлу вядомыя каля трыццаці перакладаў «Бібліі» на беларускую мову. Ён ня выключыў, што прэзэнтаваная афіцыйнае выданьне «Новага запавету» стане нагодай для яго крытыкі знаўцамі беларускай мовы. Арцыбіскуп Кандрусевіч заўважыў, што кніга з тэкстамі для каталіцкіх набажэнстваў не зьяўляецца яго канчатковай вэрсій.

«Мова ж разьвіваецца і гэта натуральны працэс. Таму не выпадае казаць, што пераклад "Новага запавету" канчатковы», — сказаў сьвятар.

«Нават выданьні на лацінскай мовы выдрукаваныя колькі стагодзьдзяў таму, — прывёў прыклад ён — адрозьніваюцца ад цяперашніх».

Афіцыйнае выданьне «Новага запавету» выйшла друкам у 2017 годзе. Тадэвуш Кандрусевіч прыгадаў, што «спачатку ня думалася, выдаваць яго, але штуршком стаў юбілейны скарынаўскі год». На той момант, паводле сьвятара, назьбіралася дужа шмат літургічных тэкстаў, якія было вырашана злучыць асобнай кнігай. Па словах Тадэвуша Кандрусевіча, Касьцёл зьбірацца выдаць і «Стары запавет». Ён перакладзены на 70 працэнтаў.

Навукоўка Марына Пашук: У працы выкарыстоўвалася каталіцкая традыцыя перакладу

Доктар біблійнай тэалёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту імя Кардынала Стэфана Вышынскага Марына Пашук, якая таксама брала ўдзел у прэзэнтацыі афіцыйнага выданьня «Новага запавету», сказала, што значных перакладаў Бібліі на беларускую мову вядома сямнаццаць. Яны, адзначыла суразмоўніца, не зацьверджаныя Касьцёлам. Пашук прыгадала пераклады Анатоля Клышкі ды Васіля Сёмухі.

У працы над афіцыйнай вэрсіяй «Новага запавету», дадала яна, выкарыстоўвалася каталіцкая традыцыя перакладу сьвятога пісаньня. Паводле яе, браліся тэксты зь Бібліі Язэпа Германовіча, Пятра Татарыновіча, Уладзіслава Чарняўскага:

«У Чарняўскага дужа добрае пачуцьцё мовы, але ў ягоных тэкстах сустракаюцца пэўныя архаізмы, таму нам даводзілася нешта ў іх выпраўляць. Акрамя таго ён перакладаў Біблію не з арыгінальнай мовы Бібліі», — дадала Марына Пашук.

Марына Пашук адзначыла, што спачатку выдалі 2000 асобнікаў афіцыйнага выданьня «Новага запавету», які хутка разышоўся. Дадрукавалі яшчэ 2000, і ад гэтага накладу засталася невялікая рэшта.

Як адзначыла ў сваіх выступе на прэзэнтацыі Марына Пашук, першы беларускі пераклад «Новага запавету» разам з кнігай Псальмаў пасьля 400-гадовага перапынку выдрукавалі ў Хэльсынкі ў 1931 годзе дзякуючы супрацоўніцтву пратэстанцкага пастара Лукаша Дзекуць-Малея і знаўца грэцкай мовы, каталіка Антона Луцкевіча. Асобныя перакладныя тэксты Эвангельля яны пачалі выдаваць у польскай Лодзі ў 1926 годзе. У Савецкім Саюзе літургічныя тэксты не перакладалі. Гэтай справай заняліся, калі пачало ў Беларусі адраджацца каталіцкае жыцьцё.

Прэзэнтацыя цяперашняй афіцыйнай вэрсіі «Новага запавету» адбылася ў Менску 19 сьнежня 2017 году. 1 лютага 2018 — кнігу перадалі папу рымскаму Францішку.

Радыё Свабода, 30 траўня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/279/43605
Текущая дата: 15.11.2024