Белорусский портал в Казахстане

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі павінен наладзіць жывую працу з моладдзю, без ашуканства і фармалізму



Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка 2 чэрвеня падчас рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць.

"Патрэбная жывая праца з моладдзю, каб не было ашуканства, фармалізму, бюракратыі, што была ўласцівая таму камсамолу, у якім я быў. Трэба больш жывой справы. Мне хацелася б, каб наш "камсамол" — БРСМ — быў больш актыўным, каб усё грамадства бачыла не проста нейкія перыядычныя акцыі, але кожнага чалавека ў справе", — прыводзіць словы Лукашэнкі яго прэс-служба.

БРСМ і іншыя грамадскія арганізацыі дазваляюць вылучыць здольных людзей, з якіх можна сфармаваць кадравы рэзерв, звярнуў увагу Лукашэнка. "Цяпер такі рэзерв кадраў створаны, у тым ліку з моладдзю. Мы за імі назіраем, вядзем іх па жыцці, каб яны выраслі ў сапраўдную эліту нашага грамадства", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка дапусціў, што некаторыя могуць спытаць, навошта сёння моладзевыя арганізацыі, бо час ужо іншы. "Гэта структура, якую мы можам задзейнічаць у любы час, асабліва ў цяжкі перыяд", — растлумачыў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што камсамольцы зрабілі вялікі ўнёсак у перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. "Як бы там ні было, калі чалавек ведаў, што ён камуніст ці камсамолец, ён першым ішоў у бой. Гэта што, дрэнна? — запытаўся Лукашэнка. — Цяжка сказаць, што было б, калі б не было тады гэтых арганізацый".

Аднак характэрныя для камсамола недахопы не павінны быць уласцівыя БРСМ, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. "Я асабліва не прыспешваю тут падзеі, і не трэба. Зараз жыццё такое, што трэба паступова, спакойна гадаваць гэтую арганізацыю, гартаваць яе. І, самае галоўнае, патрэбныя жывыя справы. Неабходна вызначыцца, дзе моладзь у сучасным грамадстве можа прыкласціся, па якіх напрамках, каб бачылі, што яна чагосьці вартая", — лічыць ён.

Лукашэнка прывёў у прыклад студэнцкую моладзь. На яго думку, яна разам з рэктарам і прафсаюзам павінна кіраваць працэсамі ў ВНУ. "Але кіраваць так, каб да іх ішлі нават не камсамольцы, нават не члены прафсаюза. І мы гэтую ролю моладзевай арганізацыі будзем павышаць", — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на паспяховыя ініцыятывы БРСМ, у прыватнасці на дзейнасць будаўнічых атрадаў. Так, вялікая колькасць хлопцаў і дзяўчат былі задзейнічаныя пры рэканструкцыі мінскага стадыёна "Дынама", на будаўніцтве Беларускай атамнай электрастанцыі. "Што ў гэтым дрэннага? Бо сёння моладзь не тое, што ў мае гады. Яны што, ведаюць, што такое фізічная, сапраўдная праца? — спытаў Лукашэнка. — І вось такія напрамкі яны павінны выпрацаваць: ад практычных спраў да ідэалагічных пытанняў".

Адміністрацыі прэзідэнта даручана пачаць цесную працу з БРСМ, каб рэструктурызаваць дзейнасць аб`яднання, вызначыць асноўныя кірункі яго працы. "Калі мы іх не прымаем, нехта там іх крытыкуе, яны будуць адчуваць сваю непатрэбнасць у грамадстве і самі не паднімуцца. Мы іх павінны падымаць. Вось гэта галоўнае для сённяшняй моладзі", — перакананы кіраўнік дзяржавы.

Найбліжэйшым часам Лукашэнка сустрэнецца з кіраўніцтвам і найбольш актыўнымі членамі моладзевых аб`яднанняў і іншых грамадскіх арганізацый. "Каб вызначыцца, дзе мы будзем разам працаваць, дзе яны будуць працаваць, а дзе будуць персанальна кожнага напрамку", — дадаў ён.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 2 чэрвеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/283/43617
Текущая дата: 22.12.2024