Белорусский портал в Казахстане

Беларускае міграцыйнае заканадаўства нацэлена на эфектыўную сацыяльную інтэграцыю і адаптацыю мігрантаў



На гэта звярнуў увагу намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас.

Беларускае міграцыйнае заканадаўства нацэлена на эфектыўную сацыяльную інтэграцыю і адаптацыю мігрантаў. На гэта звярнуў увагу намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас, выступаючы 9-га красавіка на агульнай дыскусіі "Экалагічна ўстойлівыя гарады, перамяшчэнне людзей і міжнародная міграцыя" на 51-й сесіі Камісіі ААН па народанасельніцтве і развіцці.

"Міграцыя насельніцтва застаецца адной з найбольш складаных праблем сусветнага развіцця. Актуальнымі з`яўляюцца пытанні пераадолення адмоўных наступстваў міграцыі, уключаючы высокі ўзровень нелегальнай міграцыі, незаконнай занятасці, гандаль людзьмі, негатыўны ўплыў на сям`ю. Перад міжнароднай супольнасцю стаіць няпростая задача, як трансфармаваць гэту комплексную праблему ў вокны магчымасцей для ўрадаў і простых людзей, грамадзян і мігрантаў, - сказаў намеснік міністра. - Неабходнасць распрацоўкі і рэалізацыі на нацыянальным, рэгіянальным і міжнародным узроўнях праграм мабільнасці, якія садзейнічаюць бяспечнай, упарадкаванай і арганізаванай міграцыі, - адна з ключавых рэкамендацый праведзеных у 2017 годзе ў Мінску нацыянальных кансультацый адносна пытання распрацоўкі глабальнага дагавора па міграцыі. Беларускае міграцыйнае заканадаўства нацэлена на эфектыўную сацыяльную інтэграцыю і адаптацыю мігрантаў".

Ён падкрэсліў, што тэндэнцыя адтоку насельніцтва з сельскай мясцовасці ў гарады характэрна і для Беларусі. Дзяржаўная горадабудаўнічая палітыка на 2016-2020 гады вызначае меры для развіцця малых і сярэдніх гарадоў і рэгулявання ўнутранай міграцыі насельніцтва.

У Беларусі для захавання патэнцыялу сельскіх рэгіёнаў на дзяржаўным узроўні рэалізуецца праграма развіцця аграгарадкоў з развітой і мадэрнізаванай сацыяльнай інфраструктурай, высокім узроўнем добраўпарадкавання.

З гэтага года ў Беларусі запушчаны пілотны праект "Вёска будучыні", нацэлены на падтрымку маладых сем`яў з дзецьмі, якія пражываюць у сельскай мясцовасці.

Андрэй Дапкюнас таксама звярнуў увагу, што па рашэнні кіраўніка дзяржавы 2018 год аб`яўлены Годам малой радзімы. Рэалізацыя мерапрыемстваў накіравана на адраджэнне сельскіх раёнаў, зніжэнне перанаселенасці гарадоў як фактараў рэгулюемай унутранай міграцыі насельніцтва і экалагічную ўстойлівасць населеных пунктаў.

10 красавіка 2018, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/286/43088
Текущая дата: 22.12.2024