Белорусский портал в Казахстане

Віцебскі Caritas правёў велікодныя акцыі



Велікодныя святкаванні для моладзі з абмежаванымі магчымасцямі і пажылых людзей арганізавалі і правялі супрацоўнікі і валанцёры Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Віцебскай дыяцэзіі.

12 красавіка ў кавярні парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску адбылося супольнае святкаванне Вялікадня для маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі як каталіцкага, так і праваслаўнага веравызнання. У ім бралі ўдзел наведвальнікі цэнтра дзённага прабывання для маладых інвалідаў «Бэтэль – Карытас» і іх бацькі.

Свята было насычана прыемнымі момантамі сяброўскіх сустрэч, пахам кулічоў уласнай выпечкі, музычнымі сюрпрызамі. На пачатку ўсіх прысутных павіншаваў са святам Пасхі дырэктар дыяцэзіяльнага Caritas кс. Андрэй Аніскевіч. Маладыя людзі з «Бэтэль – Карытас» разам з валанцёрамі праспявалі велікодныя спевы.

Сваёю творчасцю парадавалі госці з Лепеля – Сяргей і Дзмітрый, якія выканалі некалькі песень пад гітару. Цудоўныя кампазіцыі прагучалі таксама ў выкананні баяніста Віктара. Святкаванне завяршылася вясёлымі танцамі і пачастункам.

На наступны дзень у сядзібе ДКТ Caritas Віцебскай дыяцэзіі адбылася велікодная сустрэча клубу для пажылых людзей «Другое дыханне». Актыўныя ўдзельніцы клубу сустрэліся з дырэктарам кс. Андрэем Аніскевічам, які павіншаваў іх са святам Уваскрасення Хрыста і распавёў шмат цікавага пра гісторыю і традыцыі святкавання Пасхі.

За кубачкам гарбаты і святочным пачастункам жанчыны падзяліліся добрымі навінамі пра тое, што адбылося з моманту іх апошняй сустрэчы, а таксама ўспамінамі з юнацтва аб святкаванні Вялікадня.

с. Даша Галубкова
Catholic.by, 13 красавіка 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/286/43116
Текущая дата: 22.12.2024