Белорусский портал в Казахстане

Пайшоў з жыцця беларускі мастак і паэт Міхаіл Анемпадыстаў



Анемпадыстаў быў аўтарам знакамітага верша "Простыя словы", які ў выкананні музыканта Лявона Вольскага вядомы шматлікім беларусам.

Памёр мастак, паэт, дызайнер Міхаіл Анемпадыстаў, яму было пяцьдзясят тры гады.

Ноччу на 23 студзеня ён заснуў за камп`ютарам, пазней высветлілася, што ў Анемпадыстава здарыўся інсульт.

Нарадзіўся Міхаіл Анемпадыстаў у Мінску 16 сакавіка 1964 года. Вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы, быў удзельнікам групы "Мастеровой". Як мастак ён працаваў у галіне плаката, прыкладной і станковай графікі, фатаграфіі і графічнага дызайна, уваходзіў у кіраванне Беларускага саюза дызайнераў.

Першая персанальная выстава мастака прайшла ў 1993 годзе ў Берліне.

Анемпадыстава называюць адным са стваральнікаў нацыянальнай рок-паэзіі. Яго вершы былі пакладзеныя на музыку і ўвайшлі ў рэпертуар Касі Камоцкай і гурта "Новае Неба", гурта N.R.M., Зміцера Вайцюшкевіча, гурта IQ48. Ён быў аўтарам канцэпцыі знакамітага "Народнага альбома", які быў запісаны ў 1997 годзе. Гэты альбом ён называў сваім галоўным дасягненнем у жыцці.

"Народны альбом" — гэта любоў. Не проста ж так на вокладцы сэрца. Гэта любоў да свайго і да тых цудаў, якія нясе ў сабе жыццё. Гэта альтэрнатыва нянавісці і жыццёвай пазіцыі, пабудаванай на адмаўленні. Мы хацелі вывесці людзей з дэпрэсіі і прапанаваць эмацыйную альтэрнатыву. "Народны альбом" аптымістычны і вітальны. Любоў да нечага больш стваральная матывацыя, чым нянавісць ", — казаў Анемпадыстаў у сваім інтэрв`ю.

У 2011 годзе Анемпадыстаў дэбютаваў як фатограф з выставай Under Ground. Ён даследаваў у сваім праекце "простыя рэчы" — беларускую гародніну. Ён патлумачыў выбар тым, што беларусы таксама, як і яны, хаваюць самае цікавае ўнутры. Звонку выглядаюць звычайна, як бульбачка, запэцканая зямлёй, а ўнутры пад лупінай — "залатое сонца".

Мінск, 24 студзеня 2018
Sputnik

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/292/42269
Текущая дата: 23.12.2024