Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт уручыў прэміі «За духоўнае адраджэнне»



Цырымонія ўзнагароджання адбылася 9 студзеня у Палацы Рэспублікі.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў прэміі "За духоўнае адраджэнне", спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва, "Беларускі спартыўны Алімп". 

Штогод адзначаць заслугі людзей, жыццё і работа якіх служаць высокім мэтам, - стала ў Беларусі добрай традыцыяй, якой няма аналагаў у свеце. Не дзіўна, што зарадзілася яна менавіта тут, адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Нам з вамі дасталася вялікая духоўная спадчына, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Яна - у прыкладзе праведнага жыцця беларускіх святых, у вялікіх тварэннях народжаных на нашай зямлі паэтаў, мастакоў, музыкантаў, дойлідаў. Яна - у духоўным подзвігу народа, які збярог веру, захаваў любоў да Радзімы, павагу да сваёй гісторыі, культуры, нягледзячы на неймаверныя выпрабаванні грозных ваенных часоў і сацыяльныя ўзрушэнні".

Прэзідэнт канстатаваў, што сёння ў свеце таксама неспакойна. Ідзе нябачная барацьба ў тым ліку і за душу чалавека, з розных бакоў атакуюцца хрысціянскія асновы маралі, разбураюцца традыцыйныя сямейныя ўстоі.

"Пад уздзеяннем інфармацыйнага патоку змяняюцца светапогляд і спосаб жыцця людзей. Усё больш з`яўляецца спакус, усё цяжэй берагчы сэрцы ад цёмных думак і эмоцый. У пагоні за матэрыяльнымі дабротамі і знешняй мішурой людзі страчваюць сапраўдную прыгажосць - унутранае святло добрых пачуццяў і высакародных учынкаў, якімі так славіўся і славіцца наш народ, усё наша славянства", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, тэлебачанне дзеля рэйтынгаў прывучае гледача да негатыўных навін, скандальных ток-шоу. Сацыяльныя сеткі пазбаўляюць жывых стасункаў, а камп`ютарныя гульні падмяняюць рэальнае жыццё віртуальнай рэчаіснасцю.

"Гэта толькі малая частка тых выклікаў, з якімі сутыкаецца сёння грамадства. І такія рэаліі паволі, але метадычна разбураюць сістэму сталых традыцыйных маральных каштоўнасцей. Цяпер вельмі важна не ўпусціць час, не страціць нашу духоўную сутнасць. Першарадная роля ў гэтым, безумоўна, належыць культуры, мастацтву, рэлігіі. Іх уплыў на свядомасць чалавека вельмі вялікі. Менавіта гэтыя сферы фарміруюць тыя вобразы і ідэалы, на якія многія арыентуюцца і прымаюць як эталон. Таму дзеячы культуры і мастацтва, работнікі сродкаў масавай інфармацыі, духавенства, педагогі і ўсе, каму не абыякава, якім будзе свет, павінны аб`яднаць намаганні дзеля ўмацавання маральных асноў нашага народа", - заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходны духоўны імунітэт супраць амаральнасці, пошласці і дрэннага густу, каб культура і мастацтва заўсёды былі крыніцай энергіі і жыццеўстойлівасці для людзей.

"Мы помнім і шануем багатую спадчыну былых пакаленняў. Нязгаснае святло іх высакародных пачуццяў і сёння паказвае нам шлях, напаўняе жыццё глыбокім сэнсам. А сучаснікі павінны надаць ёй больш сілы і яркасці, каб нашы дзеці і ўнукі маглі падхапіць эстафету часоў і перадаць яе далей, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Для гэтага мы павінны паказаць сваім прыкладам, наколькі важна шанаваць, паважаць і быць удзячнымі людзям, якія прадаўжаюць вялікую справу захавання і стварэння духоўнай спадчыны Беларусі. Нам ні ў якім разе нельга ў гэтым жыцці спыніцца і нічога ў гэты перыяд не пакінуць за сабой для тых, хто прыйдзе пасля нас".

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што галоўныя героі сённяшняй урачыстасці робяць свет лепшым і больш светлым. Сваёй актыўнай дзейнасцю яны ствараюць вакол сябе атмасферу дабра і міласэрнасці. "Адраджаюць старажытныя традыцыі беларускіх майстроў, абуджаюць цікавасць да гістарычных дасягненняў нашых продкаў. Адстойваюць сямейныя каштоўнасці, развіваюць дабрачыннасць, выхоўваюць пачуццё патрыятызму ў людзей. Сваім талентам нашы людзі, якія будуць тут (гэта толькі некалькі чалавек), прывіваюць шчырую любоў да высокага мастацтва. Падымаючыся на спартыўны Алімп, праслаўляюць краіну на сусветным узроўні, абуджаюць у сэрцах пачуццё гонару за свой народ і сваю Радзіму", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Па выніках 2017 года прысуджаны пяць прэмій Прэзідэнта Беларусі "За духоўнае адраджэнне". Імі адзначаны працоўныя калектывы і прадстаўнікі рэлігійных аб`яднанняў за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы.

Сярод лаўрэатаў гэтай высокай узнагароды ГА "Беларускі саюз жанчын", калектывы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава, настаяцель прыхода храма прападобнай Еўфрасінні Полацкай у гарадскім пасёлку Івянец Валожынскага раёна Мінскай вобласці протаіерэй Віктар Перагудаў, муфтый Мусульманскага рэлігійнага аб`яднання ў Рэспубліцы Беларусь Абу-Бекір Шабановіч.

Таксама па выніках 2017 года прысуджаны 10 спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва. Іх удастоены дзеячы інфармацыйнай сферы, культуры і мастацтва, аўтарскія калектывы, установы культуры за значныя дасягненні ў сферы інфармацыі, гісторыка-культурнай спадчыны, галіны тэатральнага і выяўленчага мастацтва, аматарскай творчасці, музейнай справы, выхавання таленавітай моладзі.

Спецыяльнымі прэміямі адзначаны аўтарскія калектывы галоўнай дырэкцыі "Агенцтва тэлевізійных навін" Белтэлерадыёкампаніі і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Узнагароды ўдастоены намеснік дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж" Сяргей Егарэйчанка, калектывы выдавецкага цэнтра "Марка" РУП "Белпошта" і Акцябрскага раённага дома рамёстваў, заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі".

Адзначаны спецпрэміяй калектывы Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, "Мінскканцэрта", Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, мастак Валерый Слаук.

Лаўрэатамі спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Беларускі спартыўны Алімп" 2017 года сталі галоўны трэнер нацыянальнай каманды па скачках на батуце Вольга Уласава, спецыяльны карэспандэнт аддзела каментатараў галоўнай дырэкцыі тэлеканала "Беларусь 5", заслужаны дзеяч культуры Уладзімір Навіцкі і член нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы, майстар спорту Віялета Скварцова.

Звязда, 9 студзеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/293/42073
Текущая дата: 23.12.2024