Пакуль касалапыя спяць, ва ўсіх астатніх жывёл з вялікай еўрапейскай пяцёркі жыццё кіпіць ў Бярэзінскім запаведніку.
Бурыя мядзведзі ў Беларусі паспелі залегчы ў зімовую спячку да наступлення анамальна цёплага надвор`я ў канцы снежня, паведамілі ў Бярэзінскім біясферным запаведніку.
У канцы мінулага тыдня ў Беларусі рэзка пацяплела і ўсталявалася анамальна цёплае для гэтага часу надвор`е. У мінулы аўторак, па дадзеных сіноптыкаў, назіралася цёплае надвор`е з сярэднясутачнай тэмпературай паветра плюс 2-6 градусаў, што на 7-10 градусаў вышэй за кліматычную норму.
"Паводле інфармацыі егераў і навукоўцаў, на тэрыторыі запаведніка мядзвежых слядоў не назіраецца. А гэта кажа пра тое, што яны залеглі ў спячку. З вялікай доляй верагоднасці можна сцвярджаць, што гэта адбылося, калі ў запаведніку ўтварыўся стабільны снежны полаг, тэмпература паветра была тры — чатыры градусы марозу", — паведаміў у сераду галоўны ляснічы Бярэзінскага запаведнікі Аляксандр Насыраў.
Паводле яго слоў, цёплае надвор`е пакуль не падняло касалапых, і яны ўжо некалькі тыдняў спакойна спяць у бярлогах.
"Спадзяемся, што адліга не парушыць іх сон, тым больш што сіноптыкі паабяцалі ў бліжэйшыя дні вяртанне зімы", — сказаў суразмоўца.
Ён адзначыў, што заляганне ў спячку ў канцы лістапада — пачатку снежня — гэта традыцыйныя тэрміны для папуляцыі бурых мядзведзяў у Бярэзінскім запаведніку.
Па словах Насырава, у цяперашні час на тэрыторыі запаведніка жывуць амаль 40 асобін бурых мядзведзяў. "Папуляцыя актыўна развіваецца. У ёй ёсць і дарослыя, мацёрыя самцы, і маладняк, і самкі", — сказаў галоўны ляснічы.
Паводле яго слоў, акрамя мядзведзяў, у запаведніку ў зімовую спячку залеглі яшчэ некалькі відаў жывёл. "У норы на зіму залеглі барсукі, янотападобныя сабакі", — удакладніў суразмоўца агенцтва.
Насычанае жыццё "вялікай пяцёркі"
Разам з тым ён адзначыў, што ў цяперашні час на тэрыторыі запаведніка "кіпіць жыццё". "Усе астатнія жывёлы з вялікай еўрапейскай пяцёркі — алені, ласі, зубры і рысі актыўныя. З-за таго, што невялікае снежнае покрыва, усім хапае ежы", — сказаў галоўны ляснічы.
Ён таксама распавёў, што згодна з існуючым правілам, у запаведніку не вядзецца адстрэл ніякіх жывёл — ні ваўкоў, ні лісіц, колькасць усіх відаў жывёл рэгулюецца прыродай.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/295/41793
Текущая дата: 23.12.2024