Белорусский портал в Казахстане

"Візу ў Вырай" можна будзе атрымаць у Мінску



У прадстаўленні славян толькі птушкі і змеі пры жыцці кожны год на зімоўку трапляюць у Вырай - цудоўную мясціну, куды накіроўваюцца душы ўсіх памерлых, міфічную краіну вечнага лета і цяпла.

З 17 па 30 лістапада галерэя "Прадмесце" будзе экспанаваць выставу Ганны Сілівончык "Віза ў Вырай", паведамілі арганізатары.

Экспазіцыя выставы будзе прысвечана птушкам і мастацкаму ўвасабленню гэтай жывой істоты. Спецыялісты тлумачаць, што людзі з даўніх часоў з зайздрасцю і захапленнем глядзелі на птушак і бачылі ў іх загадкавых і містычных істот. У міфапаэтычных традыцыях шматлікіх народаў птушка займае значнае месца. Шмат дзе мы сустракаем старажытны касмаганічны міф аб узнікненні з яйка сусвету і птушках-дэміургах. 

"На Сусветным дрэве птушка знаходзіцца на яго вяршыне і супрацьпастаўляецца хтанічным істотам, часцей за ўсё змеям, месца якіх было ў каранях дрэва. Птушкі могуць з`яўляцца багамі, веснікамі багоў, героямі, пераўтворанымі людзьмі, татэмнымі продкамі, правадырамі душ", — распавялі арганізатары выставы.

Птушыныя вобразы нездарма так часта сустракаюцца ў карцінах Ганны Сілівончык. Кожны мастак імкнецца да "творчага палёту", але натхняючыся вядомымі міфамі, легендамі і паданнямі, спалучаючы і параўноўваючы гісторыі розных часоў і народаў, мінулае і сучаснасць, архетыпічнае і суб`ектыўнае, мастачка складае новыя казкі, стварае ўласную міфалогію.

Мы ведаем мноства казачных, чароўных і прарочых птах, але і самыя звычайныя не такія простыя, як здаецца на першы погляд. У прадстаўленні славян толькі птушкі і змеі пры жыцці кожны год на зімоўку трапляюць у Вырай — цудоўную мясціну, куды накіроўваюцца душы ўсіх памерлых, міфічную краіну вечнага лета і цяпла. 

"Толькі яны могуць атрымаць шматразовую "Візу ў Вырай" — чароўны квіток у неверагоднае і дзівоснае. Цікава, што душы людзей, адлятаючы ў Вырай, пераўтвараюцца ў птушак. У фальклоры сустракаецца матыў замыкання і адмыкання Вырая, залатымі ключамі ад якога валодае часцей за ўсё жаваранак. "Выраем" зваўся і птушыны клін, што ляціць у цёплыя краі", — распавялі пра сэнс выставы ў галерэі.
______________________________________

Дзе: галерэя "Прадмесце", вуліца Старажоўская, 6.
Калі: з 17 па 30 лістапада.

Мінск, 8 лістапада 2017
Sputnik

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/298/41011
Текущая дата: 23.12.2024