Белорусский портал в Казахстане

Мультфільмы з 46 краін пакажуць у межах "Анімаёўкі"



Беларусь будзе прадстаўлена рэжысёрамі Юліяй Рудзіцкай, Русланам Сінкевічам, Марынай Лук`янавай і Аленай Пяткевіч.

XX Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў "Анімаёўка-2017" пройдзе ў Магілёве і Магілёўскай вобласці 26-29 кастрычніка.

На юбілейным форуме будзе прадстаўлена 240 фільмаў з 46 краін. Упершыню для ўдзелу ў конкурсе заяўлены працы з Усходняга Тымора, М`янмы, Аб`яднаных Арабскіх Эміратаў, Тайланда, Уругвая, Філіпін, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.

Экспертная камісія фестывалю адабрала для ўдзелу ў конкурснай праграме 190 анімацыйных фільмаў, у тым ліку 50, прадстаўленых дзіцячымі студыямі. У большасці сваёй гэта новыя мультфільмы, створаныя за апошнія два гады. Яны будуць прагледжаныя прадстаўнічым міжнародным журы, якое абярэ не толькі ўладальніка Гран-пры, але і пераможцаў у 19 намінацыях: 11 дарослых і 8 дзіцячых.

Стваральнікі лепшых мультфільмаў традыцыйна атрымаюць крыштальныя алоўкі, а ўсе без выключэння ўдзельнікі творчага спаборніцтва павязуць з сабой памятныя сертыфікаты.

Cа слоў арганізатараў, сёлета сярод прэтэндэнтаў на конкурсную праграму адзначалася вялікая канкурэнцыя. На камісію арганізатары сабралі нямала цікавых і сур`ёзных фільмаў, таму выбіраць было з чаго.

Беларусь будзе прадстаўлена на "Анімаёўцы" трыма мультфільмамі — "І месяц спыніўся" рэжысёра Юліі Рудзіцкай, "Незвычайны дзіцячы сад" Руслана Сінкевіча і Марыны Лук`янавай, "Нянюшкіны казкі" Алены Пяткевіч.

Традыцыйна падчас свята будуць праводзіцца майстар-класы, конкурсы дзіцячага выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога творчасці, творчыя сустрэчы са стваральнікамі мультфільмаў, а таксама тэматычныя паказы ў раённых цэнтрах Магілёўскай вобласці.

Мінск, 7 кастрычніка 2017
Sputnik

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/299/40890
Текущая дата: 23.12.2024