Белорусский портал в Казахстане

Фінал акцыі «Беларусь родная, музычная, народная» пройдзе ў Магілёве 17 снежня



Фінал культурнай акцыі «Беларусь родная, музычная, народная» пройдзе ў Магілёве 17 снежня. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы.

Фіналам абласнога фестывалю народнай творчасці «Беларусь родная, музычная, народная» стане вялікі гала-канцэрт, які пройдзе на сцэне ўстановы культуры. На працягу трох гадоў прайшлі творчыя прэзентацыі 21 раёна Магілёўскай вобласці, якія прадставілі культурна-гістарычны патэнцыял у такіх тэматычных блоках, як «Гістарычная памяць», «Наша моладзь», «Нашы людзі», «Культурная спадчына», «Душа народная — народная творчасць», і іншых.

Як расказалі арганізатары, тэматычныя блокі будаваліся такім чынам, каб паказаць дасягненні сучаснага жыцця раёнаў, багатую гісторыю, турыстычныя брэнды і традыцыі народнай творчасці.

Удзельнікамі гала-канцэрта стануць лепшыя калектывы мастацкай творчасці і індывідуальныя выканаўцы з усіх раёнаў Магілёўскай вобласці. Разам з імі на сцэне выступяць беларускія і расійскія выканаўцы.

Асноўнымі задачамі фестывалю з’яўляюцца захаванне гістарычнай памяці, умацаванне адзінства беларускага народа, патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, фарміраванне ў моладзі каштоўнасцяў патрыятызму, гераізму і любові да Радзімы, захаванне нацыянальнай культуры, самабытнасць беларускіх традыцый і звычаяў.

Па выніках культурнай акцыі-фестывалю народнай творчасці «Беларусь родная, музычная, народная» вызначаць пераможцаў у намінацыях «Лепшая канцэртная праграма» і «Лепшая выстава-прэзентацыя».

Культурная акцыя праходзіла пры падтрымцы Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта.

Звязда, 4 снежня 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/3/76060
Текущая дата: 24.12.2024