Беларуская меценатка, якая памерла ў Швейцарыі ў 1945 годзе, прасіла пахаваць яе ў Мінску ў Чырвоным касцёле.
Пытанне пра тое, дзе будзе пахаваная скрыня з прахам Марыі Магдалены Радзівіл, якую даставілі ў Мінск, яшчэ не вырашана, паведаміў у аўторак намеснік старшыні асацыяцыі беларусаў Швейцарыі Аляксандр Сапега.
Скрыня з прахам княгіні Марыі Магдалены Радзівіл была дастаўлена ў Мінск з Швейцарыі на мінулым тыдні. У беларускай сталіцы ў мінулую суботу прайшоў з`езд беларусаў свету.
"У цяперашні час яшчэ няма інфармацыі, дзе будзе пахаваны прах. Мы чакаем прыняцця рашэння па гэтым пытанні", — сказаў Сапега.
Паводле яго слоў, разглядаецца тры варыянты — у касцёле Святога Сымона і Святой Алены (Чырвоны касцёл), на Кальварыйскіх могілках, альбо ў Нясвіжы.
Суразмоўца таксама адзначыў, што яму спатрэбіўся досыць доўгі час, каб падрыхтаваць усе неабходныя дакументы, каб прывезці скрыню з прахам княгіні Радзівіл ў Мінск.
"На гэта спатрэбілася паўтара года", — сказаў Сапега. Ён таксама ўдакладніў, што ён прывёз прах у Мінск у ноч з 15 на 16 ліпеня. "На з`ездзе беларусаў свету мы з пробашчам Чырвонага касцёла ксяндзом Уладзіславам Завальнюком памаліліся за супакой душы княгіні Радзівіл, а ў касцёле былі пастаўленыя свечкі", — сказаў ён.
Сапега таксама адзначыў, што апошняй воляй Магдалены Радзівіл было — пахаваць яе прах у Чырвоным касцёле, таксама гэтага хочуць і прадстаўнікі роду Радзівілаў. Ён удакладніў, што ў цяперашні час скрыня з прахам знаходзіцца не ў касцёле, а ў яго.
Марыя Магдалена Радзівіл нарадзілася 8 ліпеня 1861 года ў Варшаве. Атрымала выдатную хатнюю адукацыю. Марыя Магдалена лічыла сябе беларускай і актыўна падтрымлівала і фінансавала беларускія выдавецтвы.
У яе сядзібе ў Кухцічах (Уздзенскі раён) гасцявалі Вацлаў Іваноўскі, браты Луцкевічы, Раман Скірмунт, Эдвард Вайніловіч і іншыя дзеячы беларускага культурнага руху.
Княгіня праславілася як меценатка, якая адкрывала школы, шпіталі, а таксама будавала храмы. У 1912 годзе ў газеце "Мінскае рускае слова" княгіня пісала: "Лічу сябе беларускай, паходжання літоўскага. Як і муж мой, за польку сябе не прызнаю". Марыя Магдалена называла сябе "беларускай шляхцянкай".
Апошнія 30 гадоў свайго жыцця правяла ў манастыры сясцёр-дамініканак у Фрыбургу (Швейцарыя). У сваім завяшчанні прасіла пахаваць сябе ў Чырвоным касцёле ў Мінску.
Мінск, 18 ліпеня 2017
Sputnik
Мінск, 18 ліпеня 2017
Sputnik
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/302/40064
Текущая дата: 19.11.2024