Нацыянальны мастацкі музей рыхтуе адмысловую выстаўку, прысвечаную 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.
Тут будуць прадстаўленыя самыя рэдкія выданні з кніжнага збору музея, які налічвае каля дзвюх соцень адзінак. Некаторыя прадметы датуюцца пачаткам ХVІІІ стагоддзя, а самая старая з беларускіх кніг калекцыі — Евангелле з сігнатурамі 1600 года, надрукаваная ў Вільні ў друкарні братоў Мамонічаў, — будзе ўпершыню прадстаўленая публіцы пасля рэстаўрацыі. Над аднаўленнем гэтага выдання зараз працуе вядомы рэстаўратар Андрэй Крапіўка.
Выстаўка рарытэтаў кніжнай калекцыі музея стане даступнай для наведвальнікаў 20 верасня.
— Наш кніжны збор пачаў фарміравацца ў 1954 годзе, калі ў фонды паступіла рукапіснае Евангелле ХVІ стагоддзя, — расказаў генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў. — Калекцыю паступова склалі рукапісныя кнігі, выданні, надрукаваныя лацінскім шрыфтам і кірыліцай у ХVІ — пачатку ХХ стагоддзя на тэрыторыі Беларусі, Украіны, у Маскве і Санкт-Пецярбургу. Фарміраванне і папаўненне калекцыі было ў многім звязана з экспедыцыйнай дзейнасцю супрацоўнікаў музея пасля вайны. У закрытых касцёлах, цэрквах разам з каштоўнымі творамі мастацтва знаходзілі не менш каштоўныя кнігі, некаторыя выданні мы атрымалі ў падарунак, а некаторыя набылі.
Мастацкі музей сёння можна назваць адной з самых яркіх пляцовак, дзе адбываюцца прэзентацыі кніг, тут таксама працуюць над падрыхтоўкай адмысловай серыі «Славутыя мастакі з Беларусі», у межах якой ужо пабачыла свет больш як 20 выданняў. Кнігамі музей праз два гады адзначыць і сваё 80-годдзе: распрацоўваецца канцэпцыя каля дзясятка грунтоўных фаліянтаў, што распавядуць пра зборы гэтай багатай на каштоўнасці ўстановы.
Неварта забывацца і на мастацкую скарыніяну. Так, як заўважыў Уладзімір Пракапцоў, у фондах Нацыянальнага мастацкага музея захоўваецца, а ў яго асноўнай экспазіцыі прадстаўляецца нямала твораў-прысвячэнняў першадрукару. Гэта, у прыватнасці, работы Арлена Кашкурэвіча, Міхаіла Савіцкага, Анатоля Тычыны, Гаўрылы Вашчанкі, Уладзіміра Крукоўскага, Васіля Шаранговіча і многіх іншых творцаў, якія натхняліся вобразам Францыска Скарыны і паслядоўнікаў.
Аўтар: Марына Весялуха
vеsіаluhа@zvіаzdа.bу
Звязда, 16 жніўня 2017
Звязда, 16 жніўня 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/302/40377
Текущая дата: 23.12.2024