Белорусский портал в Казахстане

Нацыянальнае кнігавыданне стала візітнай карткай Беларусі за мяжой



Такое меркаванне выказала міністр інфармацыі Лілія Ананіч.

Міністр пераканана, што ў сучаснай Беларусі дастойна прадаўжаюць традыцыі першадрукара Францыска Скарыны.

Поспехі беларускіх кнігавыдаўцоў прызнаны за мяжой. "Нацыянальная кніга - гэта наш скарб і наша візітка", - падкрэсліла Лілія Ананіч.

Так, ужо цяпер вядома, што шматтомнаму факсімільнаму выданню "Кніжная спадчына Францыска Скарыны" прысуджана Гран-пры Міжнароднага конкурсу дзяржаў - удзельніц СНД "Мастацтва кнігі".

У гэтым годзе беларускія кнігі былі прадстаўлены на міжнародных выстаўках у Казахстане, Кітаі і Францыі, іх чакаюць у Германіі, Расіі, Сербіі. У краіне больш за 500 выдавецкіх арганізацый.

Дзяржава аказвае падтрымку выданню сацыяльна значных кніг. Усяго за першае паўгоддзе ў Беларусі было выпушчана звыш 4,5 тыс. найменняў агульным тыражом амаль 10 млн экзэмпляраў.

Міністр звярнула ўвагу, што на беларускай мове выдадзена 560 найменняў кніг, іх доля ў агульным тыражы перавысіла 23 працэнты. Для параўнання, у 2016 годзе яна складала каля 17 працэнтаў.

З дасягненнямі беларускага кнігавыдавецтва можна будзе азнаёміцца і ў час Дня беларускага пісьменства, які пройдзе ў Полацку 1-3 верасня.

Праграма свята вельмі насычаная, горад ператворыцца ў вялікую культурна-асветную пляцоўку. Галоўнымі тэмамі стануць 1155-годдзе Полацка і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання.

Адбудзецца міжнародны круглы стол беларускіх і замежных пісьменнікаў, уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі, пройдзе фестываль кнігі і прэсы, будуць арганізаваны канферэнцыі і выстаўкі. Лілія Ананіч адзначыла, што за мяжой праяўляюць вялікую цікавасць да Дня беларускага пісьменства ў Полацку.

"Як мінімум 12 краін накіроўваюць дэлегацыі літаратараў, вучоных, бібліятэкараў для таго, каб святкаваць Дзень беларускага пісьменства", - сказала яна. Акрамя таго, аб сваім жаданні прыняць удзел у свяце заявіла вялікая колькасць дыпламатаў.

БЕЛТА, 30 жніўня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/302/40605
Текущая дата: 23.12.2024