Акцыя “Падары нованароджанаму вышыванку” адбудзецца ў Брэсцкім абласным радзільным доме 30 чэрвеня а 11-й гадзіне.
Удзельнікамі акцыі будуць мамы і дзеці, які нарадзіліся напярэдадні Дня незалежнасці. Яны атрымаюць у падарунак ад Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі распашонкі-вышыванкі.
Акцыя “Падары нованароджанаму вышыванку” будзе праходзіць ва ўсіх рэгіёнах Брэсцкай вобласці па 4 ліпеня. Яе ўдзельнікамі па вобласці стануць каля 500 самых юных беларусаў.
2 ліпеня дэлегацыя Брэсцкай вобласці прыме ўдзел у мерапрыемствах акцыі "Дзень вышыванкі” ў Мінску на пляцоўцы каля Палаца спорту.
Маладзёжная дэлегацыя Брэстчыны будзе прадстаўлена яркімі творчымі калектывамі і маладымі выканаўцамі, самымі актыўнымі лідарамі маладзёжнага руху і спартсменамі, цікавымі экспазіцыямі і майстар-класамі.
Ансамбль народнай песні “Раздолле” клуба Жабінкаўскага цукровага завода — малады калектыў, але ўжо мае шмат узнагарод. У сакавіку ён стаў лаўрэатам абласнога і ўдзельнікам рэспубліканскага тура конкурсу “Новыя імёны Беларусі”. У чэрвені — пераможцам чацвёртага Рэспубліканскага агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці сярод арганізацый, якія ўваходзяць у склад канцэрна “Белдзяржхарчпрам” у намінацыі за артыстызм і самае яркае выступленне. У творчай эстафеце “#ЯлюблюБеларусь” калектыў прадставіць вакальна-танцавальную праграму "Кірмаш".
Дзіцячы ансамбль народных духавых інструментаў "Дударыкі" з Ганцавіч здзівіць сваёй самабытнасцю і неардынарнасцю. У рэпертуары ансамбля 38 музычных твораў беларускіх кампазітараў. У 2015 годзе ансамбль "Дударыкі" ўдастоены Дыплома I ступені на Міжнародным фестывалі сучаснага мастацтва "ИНТЭРФЭСТ-2015". Паспяховы для калектыву стаў 2016 год. На III рэспубліканскім адкрытым фестывалі-конкурсе "Ільвяня" ў Лідзе ансамбль удастоены ўзнагароды Лаўрэата I ступені.
Сучасную эстрадную песню пра Беларусь “Беларусь мая” прадставіць падчас выступлення Брэсцкай вобласці фіналісткі дзіцячага конкурсу “Песня для Еўрабачання”, студэнтка Акадэмія музыкі Ігара Крутога Ангеліна Піпер.
Падчас правядзення свята "Дзень вышыванкі» на пляцоўцы каля Палаца спорту разгорнецца маштабная разнапланавая інтэрактыўная экспазіцыя “Родны кут”. На тэматычнай пляцоўцы-прэзентацыі Брэсцкай вобласці будуць арганізаваны майстар-класы па соломкапляценню і бісеру, вырабах сувеніраў са скуры. Тут жа будуць прадстаўлены выставы работ са скуры (пано, сувеніры, вокладкі, чахлы, біжутэрыя) гуртка Дзіцяча-юнацкага спартыўна-эстэтычнага цэнтра г.Бяроза, вышыванкі і ручнікі з элементамі фальклору рэгіёнаў вобласці.
Таксама шырока будзе прадстаўлена Брэстчына на выставе-продажы вырабаў майстроў народных промыслаў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Скарбніца”. Маладыя рамеснікі арганізуюць майстар-класы па ткацтве, вышыўцы, коўцы манет інш., а таксама продаж сувеніраў, адзення, аксэсуараў і інш. з беларускім арнаментам.
Сяргей Расолька
Звязда, 29 чэрвеня 2017
Звязда, 29 чэрвеня 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/304/39808
Текущая дата: 19.11.2024