"Страціць сёння рускую мову — гэта страціць сваю гісторыю, сучаснасць, сваю будучыню", — заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 12 ліпеня на адкрыцці XIX Сусветнага кангрэса рускай прэсы ў Мінску.
Паводле слоў Лукашэнкі, яго заўсёды здзіўляе, калі расіяне на розных узроўнях дзякуюць яму за стаўленне да рускай мовы. Так, сказаў кіраўнік дзяржавы, некалькі гадоў таму на перамовах прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін пачаў дзякаваць яму за стаўленне да рускай мовы ў Беларусі.
"Я яму сказаў: паслухай мяне і запомні: руская мова — гэта мая мова, гэта жывая мова, куды ўплеценыя нораў, характары, талерантнасць, у тым ліку беларускага народа, яна развівалася ад стагоддзя да стагоддзя. Калі ў нас у часы разгулу нацыяналізму я менавіта так і паставіў пытанне: "Ад якой спадчыны мы адмаўляемся?" — і народ у нас вырашыў на рэферэндуме, што руская і беларуская будуць роўнымі. Руская мова — гэта спляценне душ многіх народаў", — падкрэсліў Лукашэнка.
Звяртаючыся да прысутных, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яны прыехалі ў краіну, дзе "шануюць, паважаюць, размаўляюць і думаюць па-руску". "Мы, вядома, вельмі рады, што паралельна вельмі шмат зрабілі і робім для таго, каб на той жа ўзровень падняць і беларускую мову. Але гэта не павінна вас насцярожваць, гэтым мы і багатыя. Трэба выкарыстоўваць усе мовы", — дадаў Лукашэнка.
"Калі ў нас пэўная частка, хай нават вузкая, вельмі хваравіта ўспрымае рускую мову, я кажу: а чаму вы так хваравіта не ўспрымаеце англійскую? У нас у праграме англійскай больш, чым беларускай і рускай. Звярнуў на гэта ўвагу міністра адукацыі, трэба гэтую памылку выпраўляць", — сказаў Лукашэнка.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ён не супраць таго, каб дзеці ў школах вывучалі замежныя мовы. "Але ад рускай мовы мы ніколі не адмовімся і заўсёды будзем за яе змагацца", — запэўніў Лукашэнка.
На XIX Сусветны кангрэс рускай прэсы, які сёлета праходзіць у Мінску, з`ехаліся прадстаўнікі 52 краін, уключаючы Беларусь. Удзельнікамі кангрэса з`яўляюцца 238 журналістаў больш як з 200 СМІ (100 газет, 30 часопісаў, 17 інфармацыйных агенцтваў, 27 інтэрнэт-выданняў, 25 тэлеканалаў, 13 радыёстанцый і 4 выдавецкія дамы). З іх ад беларускай прэсы ўдзельнічаюць 45 журналістаў з 32 рэспубліканскіх выданняў і 36 журналістаў з 36 рэгіянальных СМІ. Замежныя масмедыя прадстаўленыя 157 журналістамі са 145 СМІ.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 12 ліпеня 2017
Мінск, 12 ліпеня 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/306/39981
Текущая дата: 24.12.2024