Белорусский портал в Казахстане

Да дня народзінаў Быкава выйшаў першы беларускі графічны раман



Да дня народзінаў Васіля Быкава Саюз беларускіх пісьменнікаў выпусціў яго твор у жанры графічнага рамана. Кніга пабачыла свет у выдавецтве «Кнігазбор», паведаміла прэс-служба СБП.

Гаворка пра апавяданне Быкава «Сваякі». У ім расказваецца, як маці, паспадзяваўшыся на сваяцтва з вясковым паліцаем, неўпрыцям адпраўляе дваіх сыноў на смерць. Жорсткі твор Васіля Быкава аформлены мастаком Янам Жвірблем гэтак жа бязлітасна востра. Экспрэсіўныя, натуралістычныя і поўныя трагізму малюнкі мастака нагадваюць, што гэта зусім не просценькі комікс для дашкольнікаў, а паўнавартасны графічны раман.

Жанр графічнага раману даўно стаў папулярным у Еўропе і ЗША. Графічныя раманы ілюструюць сур’ёзныя літаратурныя творы і ў адрозненне ад коміксаў маюць павялічаны аб’ём і найчасцей выдаюцца ў палепшаным, багатым афармленні.

Выходзяць і аўтарскія графічныя раманы, якія разглядаюцца як паўнавартасныя літаратурныя творы. Так, у 1992 годзе графічны раман Арта Шпігельмана «Маўс» пра халакост атрымаў найпрэстыжнейшую Пулітцараўскую прэмію.

У Беларусі коміксы так і не займелі трывалай нішы. Хаця на пачатку 1990-х, калі ў такім фармаце выдаваліся «Дзікае паляванне караля Стаха» і «Дзе жывуць бурсонікі», на гэтыя кніжкі быў шалёны попыт.

TUT.BY, 19 июня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/309/39717
Текущая дата: 24.12.2024