Белорусский портал в Казахстане

Лячэнне раку ў Беларусі адпавядае сусветнаму ўзроўню



Аб гэтым заявіў міністр аховы здароўя Васіль Жарко ў час IX з`езда анколагаў і радыёлагаў СНД і Еўразіі ў Мінску.

Васіль Жарко адзначыў, што айчынная анкалагічная служба пастаянна ўдасканальваецца, яна выйшла на новы ўзровень свайго развіцця.

"Тое, што лячэнне раку ў рэспубліцы стала адпавядаць сусветнаму ўзроўню, знаходзіць адлюстраванне ў станоўчай дынаміцы пралечаных замежных грамадзян і дазволіла прыцягнуць у краіну толькі ў 2015 годзе фінансавых сродкаў на $3,6 млн", - сказаў ён.

У той жа час беларускія пацыенты анкалагічнага профілю практычна не накіроўваюцца для лячэння за мяжу. РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава і абласныя анкадыспансеры аснашчаны ўсім неабходным для правядзення шырокага спектра анкалагічных аперацый, маюць сучаснае абсталяванне для прамянёвай тэрапіі.

У прыватнасці, стэрэатаксічная радыехірургія і радыетэрапія дазваляюць падвесці да пухліны максімальна магчымую дозу выпрамянення з мінімальным прамянёвым уздзеяннем на здаровыя тканкі вакол яе.

У цэнтры штодзённа выконваюцца аперацыі, якія яшчэ 10 гадоў таму лічыліся невыканальнымі або ўнікальнымі. Для лячэння пацыентаў выкарыстоўваюцца прэпараты новага пакалення.

З лекавых сродкаў, якія прымяняюцца для правядзення хіміятэрапіі анкалагічных хворых, каля 60 працэнтаў беларускай вытворчасці.

Такую значную падзею для медыцынскай грамадскасці, як з`езд анколагаў і радыёлагаў СНД і Еўразіі, Мінск прымае другі раз, раней ён праходзіў у 2004 годзе.

15 чэрвеня 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/310/35923
Текущая дата: 26.06.2024