Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі з лютага ўзраслі памеры дзяржаўных дапамог сем`ям з дзецьмі



Аб гэтым паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Так, павялічваюцца памеры дзіцячых дапамог, якія вылічваюцца з памеру бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ).

Нагадаем, пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны нумар 3 ад 19 студзеня 2017 года БПМ з 1 лютага па 30 красавіка бягучага года ў разліку на месяц устаноўлены ў памеры Br180,10.

Адпаведна, аднаразовая дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці цяпер складае Br1801; пры нараджэнні другога і наступных дзяцей - Br2521,40.

Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, з лютага складае Br180,10.

Штомесячная дапамога сем`ям на дзяцей старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем`яў, якiя вызначаюцца заканадаўствам, на дзіця-інваліда ў лютым-красавіку складае Br126,07; на іншых дзяцей у сям`і - Br90,05.

Штомесячная дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў складае Br180,10; штомесячная дапамога на дзіця ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраванае ВІЧ, - Br126,07.

Новы БПМ павысіўся на 3,2 працэнта ў параўнанні з нарматывам, што дзейнічаў з 1 лістапада 2016 года па 31 студзеня 2017 года (Br174,52).

Але пры гэтым памеры дзіцячых дапамог павялічыліся на 2,6 працэнта. Гэта тлумачыцца тым, што БПМ на перыяд з лістапада мінулага года па студзень бягучага знізіўся на 0,6 працэнта ў параўнанні з нарматывам, што дзейнічаў са жніўня па кастрычнік 2016 года.

Але дзіцячыя дапамогі, якія вылічваюцца з бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, захаваліся ў ранейшым памеры (у адпаведнасці з указам ад 18 снежня 2006 года нумар 726 "Аб вылічэнні сацыяльных выплат" пры назначэнні (пераразліку) памераў пенсiй, дапамог, іншых сацыяльных выплат, якія вылічваюцца з БПМ, выкарыстоўваецца яго найбольшая велічыня за два апошнія кварталы).

Акрамя таго, з лютага ўзраслі і дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў.

Гэтыя дапамогі дыферэнцыруюцца ў залежнасці ад колькасці дзяцей у сям`і: на першае дзіця - 35 працэнтаў сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў рэспублікі, на другое і наступных дзяцей - 40 працэнтаў; на дзіця-інваліда - 45 працэнтаў сярэднямесячнай заработнай платы незалежна ад чарговасці нараджэння гэтага дзіцяці ў сям`і.

Для разліку памеру гэтага віду дапамогі з 1 лютага па 30 красавіка 2017 года прымяняецца паказчык сярэднямесячнай заработнай платы за чацвёрты квартал 2016 года ў памеры Br746,80.

Такім чынам, з лютага па красавік памер штомесячнай дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў складае на першае дзіця Br261,38; на другое і наступных дзяцей - Br298,72; на дзіця-інваліда ва ўзросце да 3 гадоў - Br336,06.

Пражываючым на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання ў зоне далейшага адсялення або з правам на адсяленне дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў назначаецца і выплачваецца ў памеры 150 працэнтаў да ўстаноўленага законам.

1 лютага 2017, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/313/38579
Текущая дата: 19.11.2024