Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 10 студзеня на цырымоніі ўручэння прэмій "За духоўнае адраджэнне", спецпрэмій дзеячам культуры і мастацтва і "Беларускі спартыўны Алімп".
Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнка падкрэсліў, што незалежнасць не проста здабыць. Але яшчэ больш складана адстаяць і абараніць. "Сіла духу, згуртаванасць і адзінства — менавіта тыя асновы, той падмурак, без якіх сёння не выжыць. Яшчэ тысячу гадоў таму Амар Хайям сказаў: "Той, хто ўпаў духам, гіне раней за тэрмін". І гэта вельмі дакладна! Бо толькі моцны духам чалавек ведае, што рабіць і куды ісці. Без моцнага стрыжня любы асуджаны на паразу. А нашаму народу сілы духу не займаць! Беларусы перажылі кровапралітныя вайны, здолелі выстаяць у самыя цяжкія пасляваенныя часы, аднавілі краіну з руін, а ў нашы дні на скрыжаванні дарог, культур і гістарычных лёсаў адстойваюць суверэнітэт роднай краіны", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым Лукашэнка заявіў, што і цяпер знаходзяцца тыя, хто спрабуе прадставіць беларусаў людзьмі без роду і племені. "З`яўленне такіх галасоў зусім не выпадковае. Незалежная Беларусь, якая жыве сваім розумам і працай, не па душы многім. Пакліканне сапраўднага творцы супрацьстаяць любой хлусні, любому фальшу і крывадушнасці. Тым больш калі гаворка ідзе пра Айчыну, пра родную зямлю. Менавіта тут і ёсць поле духоўнай бітвы за Беларусь, за нашы каштоўнасці, ідэалы і традыцыі. І выйграць гэтую бітву, выйграць яе ў душах людзей — вось сапраўднае, вялікае пакліканне ўсіх тых, каго мы ўшаноўваем сёння, і тых, хто сабраўся ў гэтай зале", — упэўнены кіраўнік дзяржавы.
Прэміі прэзідэнта Беларусі "За духоўнае адраджэнне" ўдастоены настаяцель Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра Навагрудскай епархіі ігумен Яўсевій (Канстанцін Цюхлоў), загадчык кафедры архітэктуры жылых і грамадскіх будынкаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Сяргей Сергачоў, калектывы Рэспубліканскага рэабілітацыйнага цэнтра для дзяцей-інвалідаў і Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.
Названыя таксама лаўрэаты спецыяльнай прэміі прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва. У іх ліку калектывы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Палаца культуры Маладзечна і іншыя. Узнагароды ўдастоены таксама мастак, член грамадскага аб`яднання "Беларускі саюз мастакоў" Канстанцін Вашчанка і кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Беларусі студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "Беларускі сувенір" Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна Раіса Раманеня.
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 10 студзеня 2017
Мінск, 10 студзеня 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/314/38443
Текущая дата: 19.11.2024