Белорусский портал в Казахстане

Студыя дакументальнага кіно "Летапіс" Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" павінна выйсці на знешнія рынкі



Аб гэтым заявіў міністр культуры Барыс Святлоў у час сустрэчы з калектывам студыі "Летапіс", паведамілі ў ведамстве.

"Студыя "Летапіс" заўсёды была кузняй кадраў для "Беларусьфільма", выконвала мастацкія, выхаваўчыя і сацыяльныя функцыі. Але сёння ў кінематаграфістаў з`явілася яшчэ адна задача - не толькі задавальняць адпаведныя запыты ўнутры краіны, але і выйсці на знешнія рынкі", - адзначыў міністр.

Для гэтага неабходна выпрацаваць новыя эканамічныя падыходы, выпускаць якасныя, канкурэнтаздольныя фільмы, якія магчыма прадаваць, сказаў Барыс Святлоў. Міністр звярнуўся да калектыву з просьбай унесці прапановы па тэматыцы дакументальных фільмаў, выхадзе на бясстратную дзейнасць і дапамагчы кіраўніцтву кінастудыі "Беларусьфільм" прыняць правільнае кіраўніцкае рашэнне.

У час сустрэчы з супрацоўнікамі студыі Барыс Святлоў адказаў на шэраг пытанняў, большасць з якіх былі звязаны непасрэдна з няпростай эканамічнай сітуацыяй на прадпрыемстве. На пытанне пра чуткі, якія датычацца закрыцця студыі "Летапіс", ён адказаў, што Міністэрства культуры ніколі не займалася разбурэннем культурных брэндаў, а ўсімі сіламі імкнулася іх захаваць, як бы складана гэта ні было. Не з`яўляецца выключэннем і брэнд "Летапіс".

"Наадварот, у Год культуры, у год дзевяностагоддзя з дня выхаду першых дакументальных беларускіх фільмаў, у год 55-годдзя студыі навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў мы чакаем ад кінематаграфістаў новых твораў дакументальнага мастацтва і гатовы фінансава падтрымаць творчыя ініцыятывы, каб у 2018 годзе дастойна сустрэць 50-годдзе студыі "Летапіс", - падкрэсліў Барыс Святлоў.

1 лютага 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/315/34092
Текущая дата: 18.05.2024