Белорусский портал в Казахстане

Мітрапаліт Павел выказаўся супраць нацыянальнай беларускай царквы, параўнаў гэтую ідэю са спакусай д’ябла



У інтэрвію праваслаўнаму парталу Sobor.by мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел заявіў, што ў ягоным разуменьні паняцьце «русский мир» не адносіцца да палітыкі.

«Калі мы кажам і патрыярх кажа пра „русский мир“, то тут няма ніякай палітыкі, — заявіў Павел. — Калі мы кажам пра „русский мир“, то гаворка ідзе пра тых, хто жыў у тыя далёкія часы, гэта русы, якія выйшлі з дняпроўскай купелі, у якіх адна вера, адна царква, адна культура, адзін альфабэт, адна мова. Ведаеце, у нас столькі агульнага, адзінага. У нас адзін Хрыстос, а мы раптам пачынаем падзяляцца».

Мітрапаліт параўнаў ідэю нацыянальнай царквы са спакусай Эвы д’яблам:

«Вы паглядзіце, што адбываецца сёньня. Пад добразычлівым выглядам... Зьвярніце ўвагу, той жа самы мэтад, тая ж самая карціна: спакуса д’яблам Эвы і тое, што адбываецца сёньня, у наш час, — параўноўвае Павел. — Эва паслухала падман, хлусьню ворага роду чалавечага і ўкусіла гэты забаронены плод. Адбываецца тое самае, кажуць: вы паглядзіце, як здорава, каб была царква нацыянальная, свая. Слухайце, а што, нам нельга [разам. — РС] маліцца? [...] А сёньня, знайшоўшы зручную прычыну, — свабода, незалежнасьць — спрабуюць навязаць новую ідэю, якая не аб’ядноўвае людзей, а разьядноўвае».

Мітрапаліт заявіў, што людзей дзеліць на «гэта „русский мир“, а гэта наша нацыянальнае» нехта, хто «працуе пад псэўданімам» (псэўданіму мітрапаліт не агучыў). Пасьля гэтага ўладыка згадаў пра затрыманьне супрацоўнікаў расейскага сайту Regnum, якія, як ён кажа, «сеялі нянавісьць і разлад».

Акрамя таго, мітрапаліт назваў аборт «забойствам з абцяжлівымі акалічнасьцямі». Яму не падабаецца, што пры аборце кажуць не пра забойства чалавека, а пра пазбаўленьне ад эмбрыёну: ён прыгразіў вядоўцу сіняком, калі той назаве яго «не чалавекам, а эмбрыёнам». «Навязваньне ідэі палавога выхаваньня» ў школах, на ягоную думку, «не давядзе ні да чога добрага».
_______________________________________

Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел (Георгій Панамароў) — япіскап Расейскай праваслаўнай царквы і пастаянны сябра яе Сьвятога сыноду. Вядомыя беларусы асудзілі ягонае прызначэньне мітрапалітам у 2014 годзе. Народжаны ў Казахстане грамадзянін Расеі спачатку абяцаў атрымаць беларускі пашпарт і вывучыць беларускую мову, але пазьней стала вядома, што ён ня будзе атрымліваць беларускага грамадзянства з дазволу Аляксандра Лукашэнкі.

Радыё Свабода, 3 студзеня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/315/38304
Текущая дата: 19.11.2024