Белорусский портал в Казахстане

Памятны мітынг прайшоў у "Хатыні"



У мемарыяльным комплексе "Хатынь" прайшоў памятны мітынг, прысвечаны 74-й гадавіне з дня знішчэння вёскі.

"Сёння "Хатынь" - гэта не проста мемарыял, прысвечаны адной беларускай вёсцы з тысяч спаленых карнікамі ў гады вайны. Гэта помнік усім мірным жыхарам Беларусі, якія загінулі ў тыя страшэнныя гады", - сказаў дырэктар комплексу Артур Зельскі.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел моладзь, прадстаўнікі мясцовай улады, архітэктары і мастакі, у тым ліку адзін з аўтараў мемарыяла Юрый Градаў.

У памяць аб загінулых запалілі свечкі і ўсклалі кветкі да помніка "Няскораны чалавек".

"Хатынь" - гэта адна з найбольш шануемых мясцін у Беларусі, сімвал памяці і смутку беларускага народа. Вёска была спалена датла 74 гады таму, у агні загінулі 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей.

Адзіны дарослы сведка хатынскай трагедыі - 56-гадовы вясковы каваль Іосіф Камінскі. Ён і стаў прататыпам помніка "Няскораны чалавек".

Усяго на тэрыторыі Хатынскага мемарыяла пахавана зямля 186 населеных пунктаў, спаленых карнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

22 сакавіка 2017, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/315/38932
Текущая дата: 25.12.2024